У Крыме пачаўся непрызнаны светам «рэферэндум»
- 16.03.2014, 9:37
Сёння а 08:00 паводле кіеўскага часу ў Крыме пачаўся неканстытуцыйны «рэферэндум» аб самавызначэнні, які праводзіцца пры вайсковай і палітычнай падтрымцы Расеі.
У «Бюлетэні для галасавання на агульным крымскім рэферэндуме 16 сакавіка 2014» усяго толькі 2 пытанні на трох мовах: расейскай, украінскай і крымска-татарскай, паведамляе УНІАН.
1. Вы за ўз'яднанне Крыму з Расеяй на правах суб'екта Расейскай Федэрацыі?
2. Вы за аднаўленне дзеяння Канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992 і за статус Крыму як часткі Украіны?
Паколькі Канстытуцыяй Украіны не прадугледжана правядзенне мясцовых рэферэндумаў і з улікам таго факту, што «рэферэндум» у Крыме стаў магчымым дзякуючы ўварванню расейскіх войскаў, сусветная грамадскасць, за выключэннем Расеі, лічыць яго нелегітымным.
У прыватнасці, «рэферэндум» быў прызнаны нелегітымным украінскім Канстытуцыйным судом, Венецыянскай камісіяй, ЕЗ і ЗША. 15 сакавіка на разгляд Рады Бяспекі ААН была вынесена рэзалюцыя, якая прадугледжвае абвясціць маючы адбыцца рэферэндум у Крыме «які не мае дзеяння» і заклікаць усе краіны не прызнаваць ягоныя вынікі, аднак Расея заблакавала яе, скарыстаўшыся правам вета.