Расея перакідвае на захад войскі з Сібіры і Паволжа
- 14.03.2014, 16:43
Расейская Федэрацыя працягвае сцягваць войскі да ўкраінскай мяжы.
Мяркуючы па фатаграфіях, апублікаваных у «Твітэры», склады з тэхнікай ідуць на захад краіны нават з Сібіры. У прыватнасці карыстальнікі публікуюць здымкі з Омска і Саратава.
Акрамя таго, відавочцы паведамляюць аб вялікай колькасці тэхнікі ў Белгародскай, Курскай і Растоўскай абласцях. У інтэрнэце ўжо апублікавана мноства відэа, якія пацвярджаюць гэта.
Карыстальнік «Твітэра» @raymond_saint прыводзіць у сваім акаўнце фатаграфіі бронетэхнікі, зробленыя ў 20 кіламетрах ад расейска-украінскай мяжы, на тэрыторыі Белгародскай вобласці. Іншы карыстальнік - @Oiggress - паведамляе аб перакідцы расейскіх салдат і публікуе іх фота.
Нагадаем, пачынаючы з канца лютага расейскія войскі занялі практычна ўсю тэрыторыю Крыма. Пазней імі былі замінаваныя тэрыторыі на выездзе з паўвострава. 6 сакавіка парламент аўтаноміі прыняў рашэнне аб яе ўваходжанні ў склад РФ. 78 са 100 дэпутатаў прагаласавалі за акупацыю Крыма і правядзенне рэферэндуму па гэтым пытанні 16 сакавіка. Пазней парламент прыняў дэкларацыю аб незалежнасці паўвострава.