BE RU EN

Менчукі падалі ў суд на Менгарвыканкам

  • 13.03.2014, 13:03

Судовае пасяджэнне па справе супраць менскіх чыноўнікаў прызначана на 28 сакавіка.

У жніўні 2013 года менчукі пры падтрымцы ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына» і аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» сабралі больш за 500 подпісаў з патрабаваннем правесці грамадскія слуханні па прычыне моцнай хлараванасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Менска, паведамляе прэс-служба БХД.

З таго часу ўсе інстанцыі, у якія падаваліся звароты, дасылалі толькі адпіскі, маўляў, вада добрая і няма пра што турбавацца. Пры гэтым галоўнае патрабаванне правесці шырокія грамадскія слуханні ігнаравалася.

Тады ў Генеральную пракуратуру, адміністрацыю Лукашэнкі і Савет міністраў былі пададзеныя скаргі на дзеянні менскіх чыноўнікаў. Аднак звароты былі проста перанакіраваныя ў Менгарвыканкам, на дзеянні якога і скардзіліся менчукі. У выніку ніякага адказу ад менскіх чыноўнікаў па сутнасці так і не было атрымана.

У сувязі з гэтым ад імя 570 падпісчыкаў была адпраўленая скарга на Менгарвыканкам у суд Маскоўскага раёна Менска з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, якія не па сутнасці і нядбала выконвалі свае абавязкі, і галоўнае - дамагчыся правядзення шырокіх грамадскіх слуханняў па праблеме моцнай хлараванасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Менска. Справа прынятая да разгляду. Судовае пасяджэнне прызначана на 28 сакавіка на 11.00 (праспект Газеты «Праўда», 27).

Апошнія навіны