BE RU EN

Падчас выступлення Хадаркоўскага Майдан скандаваў «Расея, уставай!»

  • 10.03.2014, 12:43

Ва ўчорашняй нататцы пра выступленне Міхаіла Хадаркоўскага ў Кіеве мы не падкрэслілі важны момант.

Людзі, якія сабраліся на Майдане Незалежнасці ў Кіеве, сустрэлі былога зняволенага скандаваннем «Расея, уставай!». Гэты ж заклік, з якім украінцы звярталіся да расейцаў, некалькі разоў гучаў падчас выступлення Міхаіла Хадаркоўскага.

«Мне расказалі і паказалі, што ў Кіеве зрабілі ўлады. Яны гэта рабілі са згоды расейскіх уладаў. Больш сотні забітых, больш за 5000 параненых... Я бачыў тыя фанерныя шчыты, з якімі тут стаялі супраць аўтаматных куль - плакаць хацелася. Гэта страшна, - адзначыў Хадаркоўскі. - Гэта - не мая ўлада. Я хачу, каб вы ведалі - ёсць зусім іншая Расея, ёсць людзі, якія нягледзячы на арышты і доўгія гады, якія ім давядзецца правесці за кратамі, выходзілі на антываенныя мітынгі ў Маскве. Ёсць людзі, для якіх сяброўства паміж народамі Украіны і РФ значна вышэй уласнай свабоды».

«Расейская прапаганда як заўсёды хлусіць. Тут (на Майдане) няма фашыстаў або нацыстаў. Дакладней, іх не больш, чым на вуліцах Масквы ці Пецярбурга. Тут нармальныя хлопцы - рускія, украінцы, крымскія татары, мае аднагодкі, воіны-афганцы, выдатныя людзі, якія адстаялі сваю свабоду», - адзначыў Хадаркоўскі.

Таксама ён дадаў, што ва Украіне і Расні - адзіны агульны еўрапейскі шлях развіцця і пажадаў украінцам поспеху.

Апошнія навіны