BE RU EN

Швейцарыя апублікавала спіс украінскіх палітыкаў, чые рахункі заблакаваныя

  • 1.03.2014, 9:32

Пастанова Швейцарыі аб блакаванні ўсіх актываў Віктара Януковіча і ягонага атачэння, якія могуць знаходзіцца ў гэтай краіне, уступіла ў дзеянне.

Як паведамляе сайт федэральных уладаў у пятніцу, прынятая Федэральнай Радай пастанова ўступіла ў дзеянне адпаведным распараджэннем у пятніцу, 28 лютага, і дзейнічае тры гады.

«Прымаючы гэтую меру, Федэральная Рада хоча пазбегнуць любой рызыкі незаконнага прысваення ўкраінскіх дзяржаўных актываў», - гаворыцца ў паведамленні.

Федэральная Рада таксама ўвяла забарону на продаж і любыя магчымасці прадаваць актывы, а менавіта маёмасць, Януковіча і ягонага атачэння.

Калі падчас расследавання крымінальнай справы будзе ўстаноўлена, што гэтыя актывы былі атрыманы незаконным шляхам, Швейцарыя заявіла пра гатоўнасць вярнуць іх Украіне.

«Швейцарскія ўлады гатовыя цесна супрацоўнічаць з украінскімі ўладамі для таго, каб завяршыць гэты працэс як мага хутчэй», - адзначаецца ў паведамленні.

Згодна з дакументам, апублікаваным на сайце FINMA (Swiss Financial Market Supervisory Authority), у пералік увайшлі 20 асоб: Сяргей Арбузаў, Мікалай Азараў, Раіса Багатырова, Міхаіл Добкін, Юрый Іванюшчанка, Генадзь Кернес, Аляксандр Кліменка, Андрэй і Сяргей Клюевы, Барыс Калеснікаў, Юрый Колабаў, Уладзімір Казак, Алена Лукаш, Мікалай Прысяжнюк, Віктар Пшонка, Эдуард Ставіцкі, Віктар і Аляксандр Януковічы, Аляксандр Яфрэмаў і Віталь Захарчанка.

Апошнія навіны