BE RU EN

Вынайдзены дэтэктар хлусні для інтэрнэту

  • 1.03.2014, 9:06

Дэтэктар хлусні можа адрозніць праўду ад выдумкі ў рэжыме рэальнага часу.

У Вялікабрытаніі распрацавана камп'ютэрная праграма, якая можа вызначыць, ці праўдзівая інфармацыя, апублікаваная ў інтэрнэце.

Сістэму стварылі Каліна Ботчава з універсітэта Шэфілда ў сааўтарстве з навукоўцамі чатырох іншых ВНУ Еўропы, паведамляе Укрінфарм.

Новы дэтэктар хлусні, які атрымаў назву Pheme - у гонар грэцкай багіні чутак, аналізуючы нават вельмі кароткі запіс (ад 140 літар), можа адрозніць праўду ад выдумкі ў рэжыме рэальнага часу і нават расказаць паліцыі аб тым, хто аўтар гэтай інфармацыі.

Сістэма здольная вызначаць, калі запіс з'яўляецца спекуляцыяй на пэўную тэму, калі гэта проста дыскусія, у якім выпадку публіку ўводзяць у зман выпадкова, а калі мае месца мэтанакіраваная хлусня.

Каб зрабіць выснову, праграма за секунды вывучыць аўтара паведамлення і прааналізуе яго папярэднія запісы ў блогах. Акрамя таго, дэтэктар можа знайсці пацвярджэнне або абвяржэнне апублікаванай інфармацыі ў іншых крыніцах.

На думку распрацоўшчыкаў, праграмай могуць зацікавіцца паліцыя, службы выратавання, журналісты і прыватныя фірмы.

Цалкам сістэма будзе гатовая да выкарыстання праз паўтара года. Яе стварэнне абыдзецца ў 3,5 мільёна фунтаў стэрлінгаў, грошы выдзеліць Еўразвяз.

Апошнія навіны