Еўрапарламент заклікаў да санкцый супраць украінскіх чыноўнікаў
- 6.02.2014, 16:10
Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па сітуацыі ва Украіне.
Пры абмеркаванні праекта рэзалюцыі прагучала жорсткая крытыка на адрас украінскай улады. Як вядома, у праекце рэзалюцыі ў прыватнасці прымаюць да ўвагі тое, што ва Украіне ўжо больш за два месяцы працягваюцца пратэсты супраць дзеянняў улады, а незадаволенасць ужо распаўсюдзілася ў рэгіёны, дзе народ бярэ мясцовыя адміністрацыі пад свой кантроль, піша «Украинская правда».
Выказваецца занепакоенасць тым, што, нягледзячы на міжнародны ціск, украінская ўлада працягвае праводзіць палітыку запалохвання, рэпрэсій, катаванняў і гвалту ў дачыненні да дэманстрантаў.
Адзначана, што любы гвалтоўны разгон дэманстрантаў або ўвядзенне надзвычайнага становішча будзе лічыцца крымінальна каральным дзеяннем і парушэннем асноўных правоў, і будзе мець сур'ёзныя міжнародныя наступствы.
Першым пунктам выказваецца падтрымка ўкраінскаму народу, які адстойвае свабодную, дэмакратычную, незалежную Украіну і яе еўрапейскую перспектыву.
Еўрапарламентары выказваюць глыбокую занепакоенасць з нагоды сур'ёзнага палітычнага крызісу ва Украіне і разлютаваных сутыкненняў у Кіеве і іншых гарадах Украіны.
У ЕП у сваю чаргу настойваюць на сапраўднай дэмакратычнай дыскусіі аб шляхах і сродках пераадолення канфрантацыі.
Рэзалюцыя рашуча асуджае эскалацыю гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян і выказвае спачуванні сем'ям загінулых у выніку гвалту ва Украіне.
Украінскую ўладу заклікаюць паважаць правы і свабоды чалавека і прыняць неадкладныя меры па расследаванні і пакаранні тых, хто ўжываў гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў.
Пратэстоўцаў Майдана, у сваю чаргу, заклікаюць устрымлівацца ад прымянення сілы і падтрымліваць законнасць сваёй акцыі мірным шляхам, лідараў апазіцыі заклікаюць захаваць пратэст мірным.
Асобна выказваецца занепакоенасць з нагоды празмернага прымянення гвалту з боку сілавікоў, «цітушак» і з нагоды гвалтоўных дзеянняў ультранацыяналістаў.
Ад прэзідэнта Януковіча патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення і палітычнай рэабілітацыі ўсіх дэманстрантаў і палітычных зняволеных незаконна затрыманых, у тым ліку Юліі Цімашэнка.
Прапануецца стварыць незалежны следчы камітэт пад эгідай прызнанай міжнароднай інстытуцыі, напрыклад, Рады Еўропы, для таго, каб расследаваць усе парушэнні правоў чалавека, якія мелі месца з часу пачатку дэманстрацый.
Нагадваецца пра гатоўнасць ЕЗ падпісаць з Украінай пагадненні аб асацыяцыі і ЗСГ, як толькі палітычны крызіс будзе пераадолены, і адпаведныя патрабаванні будуць выкананыя.
Прэзідэнта і ўрад Украіны заклікаюць сур'ёзна заняцца шырокім дыялогам з апазіцыяй, грамадзянскай супольнасцю і прысутнымі Майдана, каб разрадзіць напружаную сітуацыю.
У пункце 14 утрымліваецца заклік да інстытутаў ЕЗ, краін-членаў ЕЗ распачаць неадкладныя дзеянні, у тым ліку павелічэнне дыпламатычнага ціску.
ЕЗ заклікаюць рыхтаваць персанальна нацэленыя меры і санкцыі на паездкі, актывы і нерухомасць тых украінскіх чыноўнікаў, заканадаўцаў і іх бізнес-спонсараў (алігархаў), якія адказныя за ўжыванне гвалту і смерці пратэстоўцаў.
Заклікаюць актывізаваць намаганні з тым, каб спыніць адмыванне грошай і ўхіленне ад выплаты падаткаў украінскімі кампаніямі і бізнесменамі ў еўрапейскіх банках.
Таксама ЕП заклікае ЕЗ, ЗША, МВФ, Сусветны банк, ЕБРР, Еўрапейскі інвестыцыйны банк працягваць рыхтаваць доўгатэрміновы пакет канкрэтнай фінансавай падтрымкі Украіны.
Пункт 20 прысвечаны Расеі і ўтрымлівае заклік да РФ спыніць празмерны ціск, накіраваны на падрыў суверэннага права сваіх суседзяў свабодна вызначаць сваю будучыню.