BE RU EN

«Амазонкі Майдана» выйшлі на барыкады

  • 6.02.2014, 12:34

Жаночы атрад самаабароны, пра стварэнне якога было абвешчана некалькі дзён таму, выйшаў на ахову Еўрамайдана.

Журналістам тэлеканала СТБ удалося пагутарыць з адной з "ваяўнічых" дзяўчат. Калі два месяцы таму актывістка Яна насіла абцасы, сукенкі і прыгожыя прычоскі, то цяпер на ёй тоўстая куртка, на нагах - штаны з дзіркамі ад аскепкаў гранат, а твар закрывае балаклава.

"З нагоды манікюраў і ўсяго астатняга, я зразумела, што тут я не дзяўчына, тут я баец. Калі дзяўчына апранае маску і бярэцца за палку, то гэта, напэўна, не яе віна, а віна таго, хто да гэтага прывёў", - распавядае актывістка.

Для яе ўсё пачалося ў канцы лістапада пад стэлай на Майдане. Яна - адна з тых студэнтак, якім дасталося падчас зачысткі: "беркутавец" адным ударам выбіў ёй плячо.

"Мне не падабаецца, калі б'юць мяне, калі збіваюць людзей. Я зразумела, што ў далейшым не трэба размоў, у далейшым ўжо трэба неяк дзейнічаць і змагацца", - патлумачыла дзяўчына сваю матывацыю знаходжання на Майдане.

Як трапіла ў падраздзяленні на Грушэўскага, не расказвае. Кажа, усё адбылося само па сабе. Дзяўчына з багатай сям'і, мама даўно памерла, а яе выхаваў бацька, прывучыў да самастойнасці. Плюс актыўна займалася кікбоксінгам і тэнісам.

"Я ганаруся, безумоўна, дзяўчынамі. Але, з іншага боку, наяўнасць такіх дзяўчат сведчыць аб недастатковай якасці мужчын", - каментуе з'яўленне на Грушэўскага "Амазонак Майдана" Ігар Крываручка, кіраўнік аднаго з атрадаў "Правага сектара", старшыня сацыял-нацыянальнай асамблеі.

Сама Яна нічога дзіўнага ў гэтым не бачыць. Хоць сама і кіяўлянка, - спіць покатам разам з усімі іншымі. Тыя, хто быў побач падчас сутычак, ёй цяпер браты. "Цяжка не давяраць чалавеку, які атрымаў раненне, закрыўшы цябе сабой", - рэзюмавала дзяўчына.

Апошнія навіны