BE RU EN

Пенсіянераў стала больш на 130 тысяч

  • 6.02.2014, 10:36

Колькасць атрымальнікаў пенсіі на 1 студзеня 2014 года перавысіла 2,5 млн. чалавек.

Пра гэта паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларыса Яшкова, піша БелТА.

Сярод тых, хто ў мінулым годзе набыў статус пенсіянера - 76,8 тыс. жанчын і 51,1 тыс. мужчын. Кожнаму восьмаму новаму пенсіянеру пенсія прызначаная па льготных падставах. Амаль 16,1 тыс. чалавек выйшлі на пенсію датэрмінова (да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту: для жанчын - 55 гадоў, для мужчын - 60 гадоў). Сярод датэрміноўшчыкаў у роўнай ступені прадстаўленыя жанчыны і мужчыны.

Атрымальнікі датэрміновых пенсій - занятыя на работах з асаблівымі ўмовамі працы, работніцы тэкстыльнай вытворчасці, трактарысты-машыністы і іншыя, а таксама занятыя асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці (педагагічныя і медыцынскія работнікі, артысты, работнікі авіяцыі і г.д.). Права на датэрміновую пенсію прадастаўлена і грамадзянам, якія маюць пэўны сацыяльны статус: гэта ўдзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, шматдзетныя маці, бацькі дзяцей-інвалідаў, інваліды з дзяцінства і іншыя.

У 2013 годзе працягвалася праца па падтрыманні ўзроўню даходаў пенсіянераў і забеспячэнні стабільнага функцыянавання пенсійнай сістэмы. Двойчы (у ліпені і лістападзе) павышаліся памеры працоўных пенсій, штоквартальна пераразлічваліся мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі, павышэнні і даплаты да пенсій у сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму. У выніку пенсія па ўзросце за мінулы год павялічылася ў сярэднім на 16,7% (у снежні 2013 года яна дасягнула 2 млн 290,4 тыс. рублёў). За 2013 год суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросту з сярэдняй зарплатай работнікаў склалі 40,7%.

Нагадаем, з 1 лютага бягучага года праведзены пераразлік працоўных пенсій зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы. У лютым таксама пераразлічаныя мінімальныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі, павышэнні і даплаты да пенсій у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. У выніку з лютага гэтага года пенсіі павялічацца, па ацэнцы, у сярэднім на 5,2%.

Апошнія навіны