BE RU EN

Лукашэнка патрабуе пабудаваць другую МКАД

  • 28.02.2014, 18:28

Беларускі дыктатар настойвае на працягу работ па будаўніцтве другой кальцавой аўтадарогі вакол Менска.

Пра гэта паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе Лукашэнкі.

Там адзначылі, што ў пятніцу ў правадыра адбылося абмеркаванне гэтага пытання.

Са спасылкай на словы Лукашэнкі ў прэс-службе адзначылі, што існуючая кальцавая аўтадарога вакол беларускай сталіцы ўжо перагружаная, у тым ліку і ў сувязі з ростам транзітнага патоку транспарту праз Беларусь. Да таго ж, на думку Лукашэнкі, стварэнне «другога кальца» станоўча адаб'ецца на экалагічнай сітуацыі ў горадзе.

«Мы неадкладна павінны пачаць работы па будаўніцтве другой кальцавой дарогі вакол Менска для таго, каб Менск не задыхнуўся ў гэтай гразі, каб 2 млн чалавек, чвэрць насельніцтва нашай краіны, не адчувалі гэтай праблемы», - заявіў ён. «Трэба мець на ўвазе, што ад гэтага і ўсе хваробы. І нам прыйдзецца плаціць шалёныя грошы для таго, каб лячыць людзей. Гэта таксама не трэба забываць», - падкрэсліў Лукашэнка. «Галоўнае тое, што мы атруцім менчукоў, калі ў бліжэйшыя гады не пабудуем гэтую дарогу», - дадаў ён.

Разам з тым Лукашэнка не думае, што ў Менску будзе сур'ёзна расці колькасць асабістага транспарту гараджан. «Я не хачу сказаць, што гэты транспарт будзе ў геаметрычнай прагрэсіі ўзрастаць, як гэта было калісьці, не. Мне здаецца, ужо ўсе, хто хацеў у свой час, калі мы рыхтаваліся ўводзіць збор на аўтамабілі, закупілі і гэтыя аўтамабілі завезлі, хто багацейшы - новыя. Таму такога ўсплёску павелічэння колькасці аўтатранспарту не будзе», - мяркуе ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што фарміраванне другой МКАД часткова за кошт існуючых участкаў дарог будзе не такім фінансава цяжкім.

«А калі ўзяць ўсе пытанні пад кантроль і эканоміць грошы, то мы яе можам пабудаваць», - перакананы ён. Пры гэтым Лукашэнка нагадаў ураду, што грошы, атрыманыя ад увядзення дзяржпадатку на аўтамабілі, павінны пайсці на будаўніцтва дарог. «Майце на ўвазе - усе гэтыя грошы павінны пайсці на дарогі. Ні на якія іншыя патрэбы - толькі на дарогі! У адваротным выпадку крытыка народа будзе абгрунтаванай. За гэта ўрад адкажа», - папярэдзіў ён.

Апошнія навіны