BE RU EN

Уладзімір Фясенка: Расея выкарыстоўвае Януковіча для захопу Крыму

  • 28.02.2014, 18:01

Пасля рэалізацыі сцэнара аддзялення Крыма былы прэзідэнт Украіны перастане быць патрэбным Крамлю.

Такім чынам кіраўнік украінскага цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімір Фясенка пракаментаваў сайту charter97.org прэс-канферэнцыю Януковіча.

«Такую рыторыку і танальнасць мы ўжо чулі ў першыя дні яго ўцёкаў. Усё гэта азначае, што ён робіць выгляд, што застаецца прэзідэнтам. На самай жа справе ён ужо нелегітымны паводле факту свайго баязлівага ўцёку з краіны. Яго цяпер ніхто ва Украіне не прызнае. Нават уласная партыя ад яго адмовілася», - падкрэсліў палітолаг.

Эксперт адзначыў, што ў Расеі Януковіча на пачатку таксама палічылі абсалютна нікчэмным.

«Але пасля таго, як стаў рэалізоўвацца сцэнар аддзялення Крыма ад Украіны, паўстала патрэба ў фармальна легальным кіраўніку дзяржавы. Гэта значыць, там палічылі, што Януковіча, раз ён знаходзіцца на іх тэрыторыі, можна выкарыстоўваць як фармальны легальны інструмент. І гэта, нягледзячы на тое, што ён адхілены ад улады. Такім чынам расейскія ўлады могуць дэманстраваць раскол краіны, а самае галоўнае - выкарыстаць яго паўнамоцтвы, паколькі яны не прызнаюць новую ўладу, для таго, каб легалізаваць сцэнар аддзялення Крыма ад Украіны. Таму і прайшла гэтая канферэнцыя. Але як толькі гэты сцэнар будзе завершаны, Януковіч перастане быць патрэбным», - перакананы Уладзімір Фясенка.

Нагадаем, 22 лютага Віктар Януковіч нечакана знік і перастаў выходзіць на сувязь, не падпісаўшы законы, якія прадугледжвала пагадненне з апазіцыяй. У гэты ж дзень Вярхоўная Рада Украіны канстытуцыйнай большасцю адхіліла Януковіча ад выканання абавязкаў прэзідэнта з фармулёўкай «з прычыны самаўхілення». Выконваючым абавязкі прэзідэнта стаў народны дэпутат ад «Бацькаўшчыны» Аляксандр Турчынаў, абраны ў гэты ж дзень спікерам Вярхоўнай Рады.

Учора стала вядома, што Януковіч знаходзіцца ў Расеі, а сёння ў Растове-на-Доне ён даў прэс-канферэнцыю.

Апошнія навіны