BE RU EN

У аэрапорце Сімферопаля заўважылі некалькі дзесяткаў аўтаматчыкаў

  • 28.02.2014, 13:01

Акрамя таго, у аэрапорце прысутнічае група людзей з георгіеўскімі стужкамі.

Некалькі дзесяткаў людзей без апазнавальных знакаў і з аўтаматамі перамяшчаюцца па тэрыторыі міжнароднага аэрапорта «Сімферопаль», нягледзячы на гэта, дзяржпрадпрыемства працуе ў штатным рэжыме - адпраўляе і прымае самалёты, перадае карэспандэнт УНІАН.

«Пасажыры ёсць, самалёты лётаюць, таксісты стаяць, па тэрыторыі ходзяць невядомыя з аўтаматамі наперавес», - паведамілі агенцтву відавочцы.

Акрамя таго, у аэрапорце прысутнічае група людзей з георгіеўскімі стужачкамі. Усе яны кажуць, што ахоўваюць тэрыторыю.

Пра тое, што аэрапорт працуе ў штатным рэжыме, сведчыць анлайн табло на сайце прадпрыемства.

Нагадаем, 27 лютага невядомыя са зброяй захапілі будынкі Вярхоўнага савета і Савета міністраў АР Крым у цэнтральнай частцы Сімферопаля.

Паводле інфармацыі прэс-сакратара аэрапорта «Сімферопаль» Ігара Страцілаці, сёння ўначы на тэрыторыю аэрапорта ўварваліся каля 50 асоб з расейскімі сцягамі. Яны паспрабавалі захапіць будынак, вырашыўшы, што там нібыта высадзіўся «ўкраінскі дэсант». Як высвятлілася пасля, яны разабраліся, «папрасілі прабачэння і сышлі».

Фота: REUTERS/David Mdzinarishvili

Апошнія навіны