BE RU EN

Жонкі «беркутаўцаў» скардзяцца на жыццё пасля рэвалюцыі

  • 27.02.2014, 17:27

Жонкі байцоў баяцца выходзіць на вуліцу.

Ва Украіне больш няма «Беркута». Спецпадраздзяленне, колькасцю па краіне каля 3 тысяч байцоў, з 25 лютага ліквідавана. Загад №144 падпісаў в. а. кіраўніка МУС Арсэн Авакаў. Учора на брыфінгу ён распавёў, што ўзамен будзе створаны іншы спецназ, у якім змогуць служыць і былыя «беркуты», якія не бралі ўдзел «у злачынствах супраць мірных людзей». Каб знайсці такіх, МУС праводзіць пераатэстацыю, і ўсе спецназаўцы пішуць зараз тлумачэнні, што рабілі падчас сутыкненняў. Лёс кожнага будзе вырашаны на працягу 10-15 дзён. Прыйдзецца, сказаў Авакаў, змяняць усё: ад філасофіі спецназа, якая будзе прадстаўленая грамадскасці, да формы сілавікоў. Таксама ў хуткім часе будуць рэфармаваныя ДАІ і Унутраныя войскі, якія могуць зноў стаць Нацыянальнай гвардыяй. Праўда, якія змены чакаюць гэтыя структуры ён не ўдакладніў.

У дзень расфармавання «Беркута» газета segodnya.ua сустрэлася з жонкамі байцоў сталічнага спецназа, якія не пажадалі пакінуць сваіх мужоў у такі час і з'ехаць. На ўваходзе ў інтэрнат, дзе яны жывуць, стаяць аўтаматчыкі, дзверы забарыкадаваныя, жанчыны імкнуцца да вокнаў не падыходзіць, баяцца снайпераў.

Леся, жонка сяржанта распавядае: «Нашы мужы былі без зброі, а па іх стралялі. Пра гэта чамусьці ўсе маўчаць. У мяне трохгадовая дачка, так яна пытае: мама, а Майдан разышоўся, ужо можна выходзіць на вуліцу? Што ёй адказаць? Мы і самі не выходзім ўжо некалькі дзён, хоць ёсць у кожнай праца. Нас загналі ў кут, зрабілі нашых мужоў вінаватымі і далі каманду «Фас!». Нашы маці пасівелі ад гора, але тэлефануюць з вёсак і кажуць: заставайцеся на месцы, інакш віну павесяць на вас. Акрамя таго, мужы перажываюць, што тут, на базе, столькі зброі... Калі яны ўцякуць, у чые рукі яна трапіць?

Паколькі не выходзім з дому, то жывем на запасах круп і бульбы. Усім дзелімся, на вахце пытаем, хлопцы, чай пілі? Калі не, нясем ім чаю... Там жа ёсць зусім маладыя хлопцы, без сем'яў, і выйсці таксама баяцца. Яны начуюць на падлозе ў спартзале і актавай зале. Добра, хоць нядаўна купілі ім спальнікі...

Скажу шчыра - мы зараз разумеем, у якім стане мужы і не настойваем нават на шлюбным абавязку. У гэтыя дні проста магчымасць абняць любімага, легчы побач - гэта ўжо шчасце».

Ала, жонка афіцэра дапаўняе: «Мы з мужам за дваццаць гадоў так з інтэрната і не выбраліся, хоць двое дзяцей, дачцэ ўжо 16, сыну 9 гадоў. Дзяцей у мінулую пятніцу адправілі да бацькоў у вёску, таму што тут для іх рэальная небяспека. Я спачатку таксама з'ехала з дзецьмі, але зразумела, што не магу кінуць мужа тут у такім становішчы і вярнулася. Праўда, на працу ў гэтыя дні не хаджу. У школе ў малодшага асаблівых непрыемнасцяў не было, а вось дачку-дзесяцікласніцу і абзывалі па-усякаму, і ў сацсетках пісалі ёй гадасці, і нават пагражалі. Бо шэраг яе аднакласнікаў ужо хадзілі на Майдан і набраліся там нянавісці да «Беркута». На жаль, розныя чуткі дабраліся ўжо і да вёскі, дзе жывуць бацькі мужа. Нібыта ён у чымсьці вінаваты і таму ўжо ўцёк. Але ён нікуды не сышоў, таму што невінаваты. Ён кажа: чаму я павінен уцякаць? І куды, за якія грошы? А што потым?»

Апошнія навіны