BE RU EN

Кіроўца з Гомеля: Даішнікі з дарог Украіны зніклі, але сітуацыя спакойная

  • 26.02.2014, 9:23

Кіроўца гомельскага аўтапарка №1 Уладзімір Цэлікаў на днях вярнуўся з чарговага рэйса ва Украіну.

Нагадаем, у апошнія дні, нягледзячы на перамогу Майдана і нармалізацыю становішча, беларускія аўтобусы ва Украіну ўсё яшчэ адмененыя, акрамя рэйса ў бліжэйшы абласны цэнтр Чарнігаў, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Нічога асаблівага, на дарогах спакойна, сітуацыя ніяк не змянілася. Даходзілі чуткі, што нібыта ў розных месцах рабуюць беларускіх кіроўцаў, але канкрэтна пра сябе ніхто не казаў. Ва ўсіх маіх калег рэйсы ва Украіну таксама праходзілі спакойна. Адзінае змяненне - на мяжы ніводнай машыны ў чарзе, як у адзін, так у іншы бок. А на ўкраінскіх трасах і ў самым Чарнігаве не сустрэў машыны ДАІ. Раней заўсёды стаяў патруль каля мяжы, у пасёлку Рэпкі ў трох месцах, а цяпер наогул нідзе, нават у самым Чарнігаве.

- Але вы баяліся, калі адпраўляліся ў рэйс, наслухаўшыся апавяданняў пра рабаванні?

- Не, а чаго баяцца? Біта ў нас заўсёды з сабой, і не адна, таму што на Маскву і па іншых напрамках таксама ездзіць небяспечна.

- А калі адновяцца рэйсы ў Кіеў, паедзеце?

- Вядома! Улада ўжо ўстанавілася. Усе ва Украіне, з кім ні размаўляў, падтрымліваюць гэтыя перамены.

Кіроўца адзначыў, што ва Украіну ён вёз поўны аўтобус пасажыраў, прычым, ніякіх хваляванняў у салоне і размоў пра рабаванні не было.

Дарэчы, большая частка пасажыраў - украінцы, магчыма, яны прыязджалі ў Гомель, каб перачакаць смутныя часы. А назад з Чарнігава ў Гомель аўтобус ішоў паўпарожнім.

Апошнія навіны