BE RU EN

Менскія пад'езды будуць рамантаваць за кошт жыхароў

  • 25.02.2014, 18:14

Рамонт 3500 пад'ездаў сталічных дамоў аплацяць самі жыхары.

Мяркуецца, што ў гэтым годзе менчукі будуць цалкам аплачваць касметычны рамонт пад'ездаў. Такім прагнозам падзяліліся ў ГА «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка» (МГЖГ), грунтуючыся на дынаміку паступлення сродкаў жыхароў, паведамляе агенцтва «Мінск-навіны».

- У 2013 з удзелам грамадзян адрамантавана 2209 пад'ездаў, на гэтыя мэты выдаткавана 9,7 мільярда рублёў, - распавяла начальніца вытворчага аддзела МГЖХ Валянціна Грыдзюшка. - Пры гэтым фінансавы ўнёсак насельніцтва дасягнуў 75,6 % ад агульнай сумы затрачаных сродкаў. Больш за ўсё сродкаў унеслі жыхары дамоў, якія абслугоўваюцца ЖРЭА Заводскага раёна, - 80,2% ад каштарысу; у ЖРЭА Кастрычніцкага і Маскоўскага раёнаў - 76,9%. Усяго ж новае аблічча, у тым ліку пры правядзенні капітальнага рамонту, здабылі 2.532 пад'езды, на гэта выдаткавана 16,6 мільярда рублёў.

Паводле слоў спецыяліста, за сумесныя сродкі работнікі жыллёвых службаў выконваюць асвяжальны рамонт. У асноўным гэта афарбоўка сцен лесвічных маршаў, столяў, вокнаў, дзвярэй у тамбурах і дзвярэй, што вядуць на незадымляльныя лесвіцы, шахтаў і загрузных камер смеццеправода. Напярэдадні праводзіцца сход з жыхарамі (або пакватэрнае апытанне), на якім абмяркоўваюцца віды работ і іх кошт. Яны залежаць ад паверхавасці дома, планіроўкі і метражу месцаў агульнага карыстання, выгляду аздобных матэрыялаў. Так, касметычнае абнаўленне 1 пад'езда ў 9-павярховым доме сёння абыходзіцца прыкладна ў 20 мільёнаў рублёў. Аплата ідзе праз жыроўку, прадугледжана растэрміноўка да 6 месяцаў.

У гэтым годзе плануецца абнавіць 3520 пад'ездаў: у 3282 выканаць бягучы рамонт за кошт сродкаў жыхароў, у 238 - за кошт сродкаў капітальнага рамонту.

Жыллёвыя арганізацыі прыцягваюць гараджан да долевага ўдзелу ў фінансаванні работ для рамонту пад'ездаў згодна з пастановамі Менгарвыканкама ад 17.07.2001 года №920 "Аб дадатковых мерах для рамонту і падтрыманне парадку ў пад'ездах жылых дамоў" і ад 20.05.2010 года №1135 «Аб змесце і рамонце жылых дамоў».

Цяпер у дамах, якія знаходзяцца на тэхабслугоўванні раённых ЖРЭА, налічваецца 23264 пад'езды.

Апошнія навіны