Ісландцы пратэстуюць супраць адмовы ад уступлення ў ЕЗ
- 25.02.2014, 15:46
Тысячы чалавек узялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць адмовы ўраду Ісландыі ад еўраінтэграцыі.
Пра гэта 24 лютага паведамляе Agence France-Presse.
Па дадзеных паліцыі, у акцыі пратэсту ў сталіцы Ісландыі Рэйк'явіку ўзялі ўдзел каля 3500 чалавек. Дэманстрацыя прайшла перад будынкам парламента. Пратэстоўцы патрабавалі правесці ў краіне абяцаны яшчэ ў траўні 2013 года рэферэндум аб далучэнні да Еўразвяза, піша Lenta.ru.
Дэманстрацыя пачалася ў сярэдзіне дня, калі ў парламенце павінны былі пачацца дэбаты па пытанні аб еўраінтэграцыі. Як піша News of Iceland, на наступны дзень, 25 лютага, прызначаная яшчэ адна акцыя пратэсту.
Акцыя стала найбуйнейшай у Ісландыі з 2008-2009 гадоў.
Раней, 21 лютага, парламент Ісландыі падтрымаў ініцыятыву міністра замежных спраў краіны Гунара Брагі Свэнсана аб канчатковай адмове ад далучэння да Еўразвяза. Прапанову падтрымала большасць членаў кіруючай правацэнтрысцкай кааліцыі, у якую ўваходзяць Партыя незалежнасці і Прагрэсіўная партыя. У той жа дзень было вырашана адмовіцца ад правядзення рэферэндуму па пытанні аб еўраінтэграцыі.
У траўні 2013 года ўрад Ісландыі прыняў рашэнне прыпыніць перамовы з Брусэлем аб уступленні ў Еўразвяз і вынесці гэтае пытанне на рэферэндум. Тэрміны правядзення рэферэндуму тады не называліся.
Рашэнне аб прыпыненні перамоваў аб еўраінтэграцыі былі прынята Партыяй незалежнасці і Прагрэсіўнай партыяй, якія ўваходзяць ва ўрадавую кааліцыю і выйгралі на выбарах, якія адбыліся ў канцы красавіка. Абедзве гэтыя партыі выступаюць супраць еўраінтэграцыі. Левацэнтрысцкая партыя сацыял-дэмакратаў, якая кіравала раней, насупраць, традыцыйна падтрымлівала ідэю ўступлення ў Еўразвяз.
Па дадзеных апошніх апытанняў грамадскай думкі, больш паловы жыхароў Ісландыі выступаюць за працяг перамоваў аб далучэнні да Еўразвяза.