BE RU EN

Расейскі тур гурта «Океан Ельзи» пад пытаннем

  • 25.02.2014, 13:01

Міністэрства культуры РФ паставіла пад пытанне расейскія гастролі ўкраінскага гурта «Океан Ельзи».

Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу, блізкую да кіраўніцтва міністэрства.

Па дадзеных крыніцы, у гурта ўзніклі «супярэчнасці фінансавага і тэхнічнага характару з арганізатарамі гастроляў у Расеі», піша Lenta.ru.

Пры гэтым мэнэджэр гурта Вікторыя Хаменка заявіла, што ніякіх супярэчнасцяў з арганізатарамі ў «Океан Ельзи» няма. «Гастролі адбудуцца, усё па плане», - сказала яна.

Раней да міністра культуры РФ Уладзіміра Мядзінскага звярнуўся дэпутат заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Віталь Мілонаў, які запатрабаваў адмяніць гастролі «Океан Ельзи» у Пецярбургу і іншых гарадах Расеі. «Лічу, што мэтазгодным таксама будзе ўнесці ў спіс непажаданых для ўезду ў Расею асоб кіраўніка ансамбля Святаслава Вакарчука як актыўнага і непрымірымага суперніка расейскай дзяржавы», - напісаў Мілонаў у заяве.

Святаслаў Вакарчук і «Океан Ельзи» з'яўляюцца актыўнымі прыхільнікамі змены ўлады на Украіне. Вакарчук уваходзіць у Круг народнага даверу Майдана. Пры гэтым гурт рэгулярна гастралюе ў Расеі, а сам Вакарчук ахвотна гаворыць па-руску і ставіцца да Расеі добра. «Я лічу, што культура ў прынцыпе павінна ўсіх аб'ядноўваць. Тым больш калі гаворка пра нашы народы, якія - я скажу гэта без усялякага пафасу - сапраўды з'яўляюцца брацкімі, таму што ў іх агульныя карані, агульная гісторыя. Але гэта зусім не значыць, што мы павінны аб'ядноўвацца палітычна. Палітычна кожны народ павінен жыць так, як яму зручней. Мне здаецца, што мы проста павінны сябраваць і дасягаць адзінства дзякуючы культуры, а ў палітыцы хай нашы шляхі будуць рознымі», - казаў ён, напрыклад, у інтэрв'ю выданню «Взгляд».

У канцы лютага 2014 года на Украіне адбылася змена ўлады, якой папярэднічаў працяглы палітычны крызіс. Ён выліўся ў вулічныя баі паміж сілавікамі, якія абаранялі прэзідэнта Віктара Януковіча, і апазіцыяй. У выніку сутыкненняў, па афіцыйных дадзеных, загінулі 82 чалавекі, у тым ліку 16 супрацоўнікаў правапарадку. Па версіі Майдана, толькі з боку пратэстоўцаў былі забітыя не менш за сто чалавек. Беспарадкі скончыліся тым, што Януковіч уцёк з Кіева, а ў Вярхоўнай Радзе ўтварылася канстытуцыйная большасць, якая падтрымлівае апазіцыю. Пасля гэтага парламент прызначыў часовага прэзідэнта, а Януковіч быў абвешчаны ў вышук. У Расеі новую ўкраінскую ўладу пакуль не прызналі. Прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў заяўляў, што не бачыць легітымных партнёраў сярод лідараў Майдана.

Апошнія навіны