BE RU EN

Майдан вылучыў патрабаванні да новых уладаў Украіны

  • 25.02.2014, 8:21

Актывісты Майдана сфармулявалі крытэрыі адбору членаў ва ўрад народнага даверу.

Членамі ўрада народнага даверу не могуць быць удзельнікі спісу ста найбагацейшых людзей Украіны і кіраўнікі органаў выканаўчай улады або работнікі адміністрацыі прэзідэнта, якія займалі гэтыя пасады з пачатку 2010 года, такія крытэры адбору сфармуляваў "Круг народнага даверу".

Сярод іншых патрабаванняў вопыт працы ў галіне мінімум 7 гадоў, за выключэннем МУС, СБУ, Мінабароны, вопыт працы на кіруючых пасадах мінімум 5 гадоў і недатычнасць да парушэнняў правоў чалавека і адсутнасць інфармацыі аб карупцыйнай дзейнасці, гаворыцца ў заяве Круга, перададзенай агенцтву "Інтэрфакс-Украіна".

"Мы праверым па гэтых крытэрах кожнага канкрэтнага кандыдата, якога прапануе новая парламенцкая большасць, і паведамім вам аб выніках. Кожны член урада павінен атрымаць адабрэнне Майдана", - падкрэсліваецца ў дакуменце.

Як растлумачыў журналістам прадстаўнік сакратарыята "Круга народнага даверу" Валерый Пекар, у ім прадстаўленыя ключавыя арганізацыі Майдана, якія з'яўляюцца найбольш магутнымі, вядомымі і аўтарытэтнымі.

Па словах прадстаўніка Аўтамайдана Сяргея Паяркава, акрамя яго ў Круг таксама ўваходзяць Вольга Багамолец ад медыкаў Майдана, Дзмітрый Яраш ад "Прававога сектара", уладыка Стэфан ад духоўнай рады Майдана, Алег Міхнюк ад воінаў-афганцаў, Уладзімір Вьятовіч ад Грамадскага сектара, Руслана Лыжычка і Святаслаў Вакарчук.

"Круг народнага даверу - гэта не кіруючы орган Майдана. Гэта, умоўна кажучы, пасярэднік паміж Майданам і мэнэджэрамі, якіх народ будзе наймаць", - растлумачыў ўладыка Стэфан.

Прадстаўнікі Круга падкрэслілі, што спіс яго ўдзельнікаў не канчатковы, ён будзе пашырацца, і яго члены самі не прэтэндуюць на якія-небудзь пасады.

"Мы патрабуем не проста ўрад, а ўрад народнага даверу. Такі ўрад павінен быць сфармаваны з прызнаных прафесіяналаў, з незаплямленай рэпутацыяй, а не партыйных функцыянераў", - падкрэсліваецца ў заяве.

Яго ўдзельнікі таксама паведамілі, што ў панядзелак позна ўвечары правялі шматгадзінную сустрэчу з в.а. міністра фінансаў Юрыем Колабавым, па яго ініцыятыве , каб прасачыць працэс перадачы ўлады.

Па іх словах, яны засталіся задаволеныя вынікамі сустрэчы, падкрэсліўшы гатоўнасць кіраўніка Мінфіна дэталёва абмяркоўваць найбольш складаныя пытанні.

Апошнія навіны