BE RU EN

Януковіч абяцае сёння падпісаць дамову аб урэгуляванні крызісу

  • 21.02.2014, 10:01

Пра гэта паведамляецца на сайце прэзідэнта Украіны.

«Завяршыліся перамовы па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў дзяржаве пры ўдзеле Прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, лідараў апазіцыі, прадстаўнікоў Еўрапейскага Звяза і Расейскай Федэрацыі. Бакі дамовіліся аб парафіраванні Пагаднення па ўрэгуляванні крызісу», - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Падпісанне дакумента чакаецца ў 12:00 па мясцовым часе (13:00 па Менску) у Адміністрацыі прэзідэнта Украіны.

Раней стала вядома пра тое, што перамовы кіраўнікоў МЗС ЕЗ з Януковічам завяршыліся, але ненадоўга. Міністры замежных спраў Германіі і Польшчы сёння плануюць правесці яшчэ адну сустрэчу з прэзідэнтам Украіны.

«Перамовы працягваюцца. Да абеду мы плануем яшчэ адну сустрэчу з прэзідэнтам», - заявіў кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ ва Украіне Ян Тамбінскі па завяршэнні перамоваў.

Сустрэча доўжылася 9 гадзін, і скончылася ў 7.30 раніцы пятніцы, перадае «Інтэрфакс».

Міністры замежных спраў Польшчы і Германіі пасля выхаду з адміністрацыі прэзідэнта адмовіліся адказваць на пытанні журналістаў. Лідары фракцый «Батькивщина» Арсеній Яцанюк, «Свабода» Алег Цягнібок і «Удар» Віталь Клічко выйшлі з адміністрацыі прэзідэнта праз іншы ўваход, такім чынам, не даўшы магчымасць задаць ім пытанні.

Раней з будынка адміністрацыі прэзідэнта выйшаў амбасадар Расеі ва Украіне Міхаіл Зурабаў. Ён адмовіўся ад зносінаў з прэсай. Таксама адмовіўся даваць нейкія каментары амбасадар Францыі ва Украіне Алан Рэмі, які таксама пакінуў будынак АП.

Нагадаем, ноччу лідар фракцый «Удар» Віталь Клічко, «Батькивщина» Арсеній Яцанюк і «Свабода» Алег Цягнібок сышлі з парламента на перамовы з прэзідэнтам Віктарам Януковічам і міністрамі замежных спраў Польшчы, Германіі і Францыі.

Апошнія навіны