BE RU EN

Беларускі мастак атрымаў Гран-пры на біенале ў ФРГ

  • 18.02.2014, 10:10

Мастак і перформер Андрэй Бялоў атрымаў другое гран-пры на біенале «Маладыя артысты Усходняй Еўропы» ў Франкфурце.

На мерапрыемстве, як стала вядома charter97.org, былі прадстаўленыя работы шаснаццаці маладых мастакоў з Усходняй Еўропы, сярод якіх былі інсталяцыі, перформансы, плакаты, карціны, кароткаметражкі. Асаблівасцю дадзенай біенале было тое, што некаторыя працы, у прыватнасці перформансы, былі прадстаўленыя ў гарадской прасторы.

Андрэй Бялоў прадставіў тры свае працы: «Рэклама Нацыянальнай бібліятэкі», «Буйны бізнес у вусах пятай калоны» і « Крыніца». Адной з асаблівасцяў творчасці Бялова з'яўляецца кампазіцыйная спроба падражніць гледача: у працах, па сваёй сутнасці сіметрычных, прысутнічае нязначная, але відавочная няроўнасць сіметрыі, што выглядае як промах аўтара. Глядач глядзіць працу і заўважае нейкі брак, які выклікае ў ім некаторае інтуітыўнае раздражненне.

«Мае працы хутчэй разлічаныя на суайчыннікаў. Калі б не было магчымасці суправаджаць працы досыць аб'ёмнымі каментарамі, я наўрад ці б атрымаў гран-пры, бо на біенале было прадстаўлена мноства работ візуальна больш прывабных і складаных, чым мае» - кажа мастак.

Андрэй Бялоў нарадзіўся ў Баранавічах у 1988 годзе. З 2009 года пражывае і працуе ў Даніі. Выстаўляўся ў Даніі, Германіі, Чэхіі, Расеі, Украіне, Нідэрландах.

Апошнія навіны