Пайшоў з жыцця беларускі мастак Гаўрыіл Вашчанка
- 14.02.2014, 15:35
Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Гаўрыіл Вашчанка памёр на 86-м годзе жыцця.
"Гаўрыіл Вашчанка памёр на 86-ым годзе жыцця. У дадзены момант удакладняюцца час і месца развітання, а таксама іншыя пытанні, звязаныя з пахаваннем", - паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у пятніцу першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Дранец.
Саюз мастакоў выказвае спачуванні сям'і памерлага.
Гаўрыіл Вашчанка нарадзіўся ў 1928 годзе ў вёсцы Чыкаловічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Вучыўся на мастака ў Кіеве і Львове, а ў Менску выкладаў у тэатральна-мастацкім інстытуце.
Унёс вялікі ўклад у стварэнне, станаўленне і развіццё беларускай школы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. У 1975 годзе Г.Вашчанка ажыццявіў першы набор на кафедру манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якую ўзначальваў у наступныя 20 гадоў.
Творчасць мастака была звязаная з прыродай Палесся, там ён чэрпаў натхненне для сваіх нацюрмортаў, пейзажаў і акварэляў. Ён стаў шырока вядомы за мяжой . Яго работы знаходзяцца ў 28 музеях па ўсім свеце (толькі ў фондах Траццякоўскай Галерэі 12 палотнаў), многія ўпрыгожваюць прыватныя калекцыі. Г.Вашчанка вёў шырокую грамадскую дзейнасць, стаў лаўрэатам беларускай дзяржаўнай прэміі. Міжнародным біяграфічным цэнтрам Кембрыджа яму прысвоена званне «Чалавек XX стагоддзя».
У 2002 годзе ў Гомелі была адкрытая імянная галерэя Вашчанкі, якой мастак перадаў у дар 70 сваіх жывапісных палотнаў, акварэляў і эскізаў.
Фота: gp.by