BE RU EN

Беларусы ўважаюць за лепшае дарыць ружы, хрызантэмы і гваздзікі

  • 13.02.2014, 22:00

Рэйтынг кветкавых пераваг беларускіх пакупнікоў узначальваюць ружы, хрызантэмы і гваздзікі.

Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Вольга Клаўсуць.

У 2013 годзе ружы займалі першае месца ў структуры імпарту зрэзаных кветак (54,9%). Далей ідуць хрызантэмы (23,5%) і гваздзікі (20,2%). Акрамя таго, у Беларусь увозіліся лілеі (305 тысяч штук) і архідэі (49 тысяч штук).

Дарэчы, летась асноўная частка зрэзаных ружаў пастаўлялася з Калумбіі і Эквадора. Нідэрланды з'яўляліся лідэрам у пастаўках у Беларусь хрызантэм, а гваздзікі збольшага прывозілі з Калумбіі.

За 2013 год ва ўсіх кветкавых пазіцыях назіраўся рост паставак. Руж завезлі на 49,4% больш, чым у 2012 годзе, лілей - на 39,2%, архідэй - на 30,9%, хрызантэм - на 26,1%, гваздзікоў - на 23,4%.

Агулам жа ў мінулым годзе ў Беларусь было ўвезена зрэзаных кветак і наквеці на $ 16,65 млн. У нашу краіну прывозілі зрэзаныя кветкі і наквець з краін Еўрапейскага Звязу - больш за 37% ад агульнага аб'ёму паставак. У спісе краін-імпарцёраў - Калумбія, Эквадор, Кенія, на якія прыпадала 61,6% імпарту.

Апошнія навіны