BE RU EN

Жырыноўскі: «Братнія славянскія народы» - вораг на ворагу і ворагам паганяюць

  • 13.02.2014, 15:22

Скандальны расейскі палітык заклікаў улады сваёй краіны спыніць лічыць суседнія славянскія народы «братнімі».

Пра гэта Уладзімір Жырыноўскі сказаў падчас Маскоўскага эканамічнага форуму, паведамляе УНІАН.

«Спыніце (ўжываць) гэту назву "братнія народы" - нічога няма братняга. Вораг сядзіць на ворагу і ворагам паганяе... Забудзьцеся пра гэтыя словы, яны нашы ворагі нумар адзін, яны з фашысцкай Германіяй тапталі нашыя землі - усе гэтыя славяне", - заявіў Жырыноўскі.

У прыватнасці, сярод "ворагаў" Расеі ён згадаў сербаў, балгараў і ўкраінцаў.

Палітык выказаў упэўненасць у тым, што Расея не павінна даваць нікому ніякіх зніжак і павінна гандляваць па сярэднееўрапейскіх коштах. На думку Жырыноўскага, яго краіне трэба акцэнтаваць сваю знешнюю палітыку не на заходнім вэетары, а на паўднёвым.

"Не трэба было рухацца на Захад, як рускія цары - трэба рухацца на Поўдзень. На Поўдні нас чакаюць і любяць, мы ідзем туды, дзе нас не чакаюць і не любяць. Мы 100 гадоў робім не тое, што трэба", - сказаў Жырыноўскі і дадаў, што ў дзверы Расеі стукаюцца Турцыя і Іран.

Пры гэтым, на яго думку, Украіна і краіны Балтыі адштурхваюць Расею. "Навошта гэта трэба? Яны б даўно здохлі без нашай дапамогі", - заявіў Жырыноўскі.

Нагадаем, у сакавіку 2013 года Жырыноўскі назваў Віктара Януковіча здраднікам з-за курсу Кіева на збліжэнне з Еўрапейскім звязам. Раней, у 2011 годзе, палітык, якога лічаць неафіцыйным рупарам Крамля заяўляў, што Лукашэнка падманвае Расею і яму трэба ў адстаўку.

Апошнія навіны