BE RU EN

Менчуку вярнулі забыты ў краме партфель з $10 тысячамі

  • 13.02.2014, 13:01

Развязка гучнай гісторыі пра тое, як пасля шопінгу з жонкай мужчына на стаянцы супермаркета забыўся партфель з $10 000, апынулася радаснай для ўсіх яе ўдзельнікаў.

Нагадаем, мужа і жонку, якія прысвоілі «дарагі» партфель, знайшлі міліцыянты ў мінулую пятніцу ўвечары, але маладыя людзі не збіраліся аддаваць грошы, тлумачачы гэта тым, што ў іх грошы таксама выкралі. Сумку ж з дакументамі ў дзень знікнення выявіў таксіст на праспекце Газеты «Звязда», які патэлефанаваў пасля гэтага пацярпелым.

Учора днём сям'я з пасёлка Фаніпаль сустракалася з пацярпелымі і вярнула ім грошы. Супрацоўнікі міліцыі ўпэўненыя, што на гэтае рашэнне паўплывалі іх тлумачальныя размовы з юрыстам маладой пары, піша onliner.by.

- Склалася такое ўражанне, што мужчына не хацеў прысвойваць грошы, але быў настолькі «не прабіўны» і напалоханы адказнасцю, таму і паводзіў сябе так. Але нашы размовы з іх юрыстам дапамаглі пераканаць, і ўсё ў выніку скончылася добра, - паведамілі ў Ждановіцкім аддзяленні міліцыі Менскага РУУС. - Больш за тое, за вяртанне грошай іх і аддзячылі, магчыма і матэрыяльна.

І, нягледзячы на тое што была напісаная заява аб узбуджэнні крымінальнай справы, сям'я менчукоў прыняла рашэнне не вылучаць ніякіх прэтэнзій, таму маладую пару нават не прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Апошнія навіны