BE RU EN

Домрачаву здзівіла неверагодная падтрымка расейцаў

  • 12.02.2014, 18:56

Расейскія заўзятары аказваюць неверагодную падтрымку беларускім спартоўцам.

Пра гэта заявіла беларуская біятланістка Дар'я Домрачава, якая напярэдадні, 11 лютага, здабыла залаты медаль у гонцы пераследу на Алімпіядзе ў Сочы.

Як распавялі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі, яна асабліва была здзіўленая тым, што яе падчас спаборніцтваў расейцы «падтрымлівалі як сваю спартоўку», піша ИТАР-ТАСС.

Залаты медаль Домрачавай, як адзначылі ў Камітэце, моцна падняў настрой усім астатнім беларускім алімпійцам. Пры гэтым спартоўцы працягваюць заставацца ў добрым настроі праз дапамогу «ў развязанні любых пытанняў» тых дзевяці расейскіх валанцёраў, якія прымацаваныя да беларускай каманды, сказалі ў НАК.

Прадстаўнікі ведамства заявілі, што «Гульні арганізаваныя вельмі маштабна, ёсць чаму здзіўляцца і ёсць на што паглядзець», «ёсць чаму здзівіцца, ёсць чаму павучыцца і ўзяць на ўзбраенне пры правядзенні спаборніцтваў нават меншага ўзроўню».

Нагадаем, учора беларуская біятланістка ўпершыню здабыла алімпійскі залаты медаль.

Дар'я Домрачава заняла першае месца ў гонцы пераследу на Алімпійскіх гульнях у Сочы. Беларуска, якая стартавала дзевятай, дапусціла адно пудла на чатырох агнявых рубяжах і паказала час 29 хвілін 30,7 секунды. Другой стала нарвежка Тура Бергер (37,6 секунды; 1 пудла). Бронзу заваявала славенка Тэя Грэгарын (42,0; 1 пудла).

Апошнія навіны