Ісламісты будуць маліцца аб землятрусе ў Сочы
- 11.02.2014, 21:23
Ваенізаваная групоўка ісламістаў заклікала вернікаў мусульман маліцца аб тым, каб падчас зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы адбыўся землятрус.
Са слоў прадстаўнікоў групоўкі, гэта дазволіла б адпомсціць за мусульман, якія загінулі на Каўказе ў барацьбе з «расейскімі нявернымі», паведамляе NEWSru.com у аўторак 11 лютага.
Зварот распаўсюдзіла аддзяленне так званага Імарата Каўказ - групы, якая вядзе партызанскую барацьбу за стварэнне ісламісцкай дзяржавы на расейскім Паўночным Каўказе. Гэтая ж група ў мінулым годзе заклікала сваіх прыхільнікаў да нападу на Гульні ў Сочы.
«Кожны, хто здольны прачытаць гэты ліст, няхай папросіць, каб Усявышні паслаў на сочынскую зямлю землятрус, а няверныя захлынуліся вадой і патанулі ў патопе, перш чым патрапіць у апраметную», - гаворыцца ў звароце, размешчаным у інтэрнэце.
Сочынская Алімпіяда названая ў звароце «гульнямі атэістаў і паганцаў», яе арганізатары называюцца «свіннямі», якія «настолькі пыхлівыя, што наважылі прыняць Гульні на зямлі, дзе нашыя продкі пралівалі сваю кроў, каб абараніць іслам і мусульман».
Reuters адзначае, што некаторыя спаборніцтвы Алімпіяды праходзяць на тэрыторыі, якая з'яўлялася радзімай этнічных чаркесаў да таго часу, пакуль яны не былі выгнаныя адтуль расейцамі ў XIX стагоддзі.
Са слоў аўтараў звароту, на цяперашняй Алімпіядзе выконваюцца «сатанінскія танцы» на магілах мусульман, забітых у барацьбе з расейскімі войскамі.