«Макдональдс» гатовы адкрыць тры рэстарацыі ў Магілёўскай вобласці
- 11.02.2014, 18:20
Кампанія падпісала адпаведную дамову аб намерах з адміністрацыяй Магілёўскага аблвыканкама.
Цяпер разглядаюцца тры пляцоўкі ў Магілёве і Бабруйску пад будаўніцтва рэстарацый «Макдональдс», піша БелаПАН.
Гэта пляцоўкі на скрыжаванні бульвара Нескароных і вуліцы Астроўскага, на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Ціміразеўскай у абласным цэнтры і на скрыжаванні вуліц Горкага і Сацыялістычнай ў Бабруйску. Прынцыповая згода абласных уладаў на будаўніцтва там рэстарацый ужо атрыманая.
Дагэтуль беларускія рэстарацыі «Макдональдс» працавалі толькі ў Менску, дзе цяпер іх налічваецца сем. Аднак цяпер сетка рэстарацый хуткага харчавання пачынае развівацца ў рэгіёнах краіны. Так, восенню 2013 года пачалося будаўніцтва рэстарацыі ў Віцебску - на скрыжаванні вуліцы Церашковай і Маскоўскага праспекта. Увядзенне ў эксплуатацыю запланаванае на сярэдзіну 2014 года.
У Магілёве і Бабруйску рэстарацыі «Макдональдс» адкрыюцца не раней 2015 года, мяркуюць ва ўправе гандлю Магілёўскага гарвыканкама.