BE RU EN

На другую МКАД грошай няма

  • 11.02.2014, 13:48

Падрыхтаваны праект указа Лукашэнкі аб прыпыненні будаўніцтва другой Менскай кальцавой аўтадарогі.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 11 лютага паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандр Галаўнёў, паведамляе БелаПАН.

"У цяперашні час падрыхтаваны праект указа прэзідэнта аб прыпыненні будаўніцтва другой МКАД з-за адсутнасці фінансавых сродкаў", - сказаў Галаўнёў.

Паводле яго слоў, сродкаў, якія збіраюцца за кошт нядаўна ўведзенага транспартнага збору, недастаткова для фінансавання гэтага праекта.

"Ён дзейнічае толькі месяц, і казаць аб яго выніках можна будзе толькі па заканчэнні года, не пра разліковыя велічыні, а пра рэальныя паступленні", - адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што сродкі ад транспартнага збору накіроўваюцца па прынцыпе: 50% на рэспубліканскія дарогі, 50% - на мясцовыя дарожныя сеткі і Менск. "Таму, калі разліковая велічыня складае 1,5 трлн. рублёў, то 700 млрд. для будоўлі кальцавой дарогі недастаткова", - падкрэсліў Галаўнёў.

Работы па будаўніцтве дарогі былі пачатыя ў 2011 годзе ў адпаведнасці з даручэннем Лукашэнкі, аднак у 2012 годзе праект быў фактычна замарожаны з-за адсутнасці фінансавання.

Між тым указам кіраўніка дзяржавы №532 ад 13 кастрычніка 2010 года прадугледжвалася будаўніцтва другой кальцавой дарогі агульнай працягласцю 158 км. У яе склад павінны ўваходзіць існуючыя ўчасткі аўтамабільных дарог (73 км) і два новыя напрамкі руху аўтатранспарту (85 км).

Указам прадугледжвалася ажыццявіць будаўніцтва новых участкаў на працягу сямі гадоў: у 2011-2014 гадах - участка працягласцю 44 км (ад аўтамабільнай дарогі М3 Менск - Віцебск да аўтамабільнай дарогі М6/Е28 Менск - Гродна - мяжа Рэспублікі Польшча); у 2014-2017 гадах - участка працягласцю 41 км (ад аўтамабільнай дарогі М6/Е28 Менск - Гродна - мяжа Рэспублікі Польшча да аўтамабільнай дарогі М1/Е 30 Брэст (Казловічы) - Менск - мяжа Расейскай Федэрацыі).

Меркавалася, што на трасе будзе чатырохпалосны рух, па дзве паласы ў кожным напрамку, з асвятленнем на ўсёй працягласці і магчымасцю язды з хуткасцю 120 км/г.

Другая кальцавая дарога вакол Менска павінна была выконваць у першую чаргу транзітную функцыю.

Апошнія навіны