BE RU EN

«Беларуськалій» хоча вярнуцца на рынак ЗША

  • 9.12.2014, 15:34

Кіраўніцтва ААТ «Беларуськалій» правяло перамовы аб аднаўленні экспарту ўгнаенняў на амерыканскі рынак.

Пра гэта паведаміў гендырэктар кампаніі Іван Галаваты на адной з вытворчых нарад.

З ягоных слоў, перамовы з амерыканскім бокам прайшлі ў рамках беларуска-брытанскага інвестыцыйнага форуму ў Лондане 14 лістапада, паведамляе ведамасная газета «Калійшчык Салігорска».

Варта адзначыць, што раней беларускія калійныя і азотныя ўгнаенні экспартаваліся у тым ліку і ў ЗША, аднак апошнія гады пастаўкі спыніліся. Гэта адбылося пасля таго, як у канцы лістапада 2007 года Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіў «Беларуськалій». Санкцыі прадугледжваюць замарожванне ўсіх змешчаных пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскіх рахункаў канцэрна. Іх увядзенне амерыканскія ўлады матывавалі парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. Прадстаўнікі «Белнафтахіма» ў сувязі з гэтым заяўлялі аб адмове ад разлікаў у далярах і пераглядзе сваіх рынкаў збыту, піша БелаПАН.

Сёлета ў сакавіку ўрад Беларусі прыняў пастанову аб выключэнні «Беларуськалія» з ліку арганізацый канцэрна «Белнафтахім».

ААТ «Беларуськалій» - адзін з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце. Паводле звестак Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на ягоную долю прыпадае сёмая частка сусветнага аб'ёму вытворчасці калійных угнаенняў. У 2014 годзе кампанія плануе прадаць блізу 10,3 млн тон мінеральных угнаенняў, у тым ліку больш за 9 млн тон - паставіць на экспарт.

Апошнія навіны