ЕЭК праверыць мясакамбінаты Беларусі
- 9.12.2014, 10:02
Праверка будзе праводзіцца сумесна з Рассельгаснаглядам і ветслужбай Беларусі.
Прадстаўнікі Дэпартамента санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мер ЕЭК з 9 снежня 2014 года возьмуць удзел у сумесных праверках. Такая практыка прымяняецца ўпершыню. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да ўзмацнення пазіцый ЕЭК і стварэння адзіных правілаў, якія будуць працаваць на ўсёй тэрыторыі Мытнага саюза (МС), паведамляе ТАСС.
Памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка паведамляе, што «гэта вельмі важна, бо МС пашыраецца, і нельга дапускаць, каб у асобных дзяржаў былі свае нацыянальныя правілы ў абароце прадукцыі».
Нагадаем, што 24-26 лістапада былі абмежаваныя пастаўкі мяса, мясной і малочнай прадукцыі з 22 прадпрыемстваў Беларусі, у тым ліку 18 праз парушэнні патрабаванняў да харчовай бяспекі прадукцыі і 4 - праз наяўнасць геному афрыканскай чумы свіней (АЧС).
Пагаршэнне якасці Рассельгаснагляд звязваў таксама і з рэзкім павелічэннем вытворчасці мясных вырабаў у Беларусі на фоне ўведзенага Расеяй харчовага эмбарга еўрапейскай прадукцыі.