BE RU EN

ЕЗ заклікае Турцыю падтрымаць санкцыі супраць Расеі

  • 7.12.2014, 22:02

Брусэль заклікае Анкару не падрываць заходнія санкцыі супраць Масквы.

Візіт афіцыйных прадстаўнікоў ЕЗ у Турцыю на гэтым тыдні, павінны надаць новы штуршок часта напружаным стасункам паміж ЕЗ і Турцыяй, паведамляе «Голас Амерыкі».

Турцыя не далучылася да санкцый Захаду супраць Расеі, што ўведзеныя праз сітуацыю на Украіне. Афіцыйныя асобы ЕЗ будуць пераконваць Анкару далучыцца да рэжыму санкцый, або прынамсі - не злоўжываць сітуацыяй для сваёй выгады, экспартуючы прадукцыю ў Расею.

Кіраўнік замежнапалітычнай установы ЕЗ Фрэдэрыка Магерыні ўзначаліць самую высокапастаўленую за апошнія гады дэлегацыю еўрапейскіх палітыкаў у Турцыю ў панядзелак і аўторак. «Гэты візіт - яркае сведчанне стратэгічнай важнасці еўрапейска-турэцкіх стасункаў і нашага імкнення да пашырэння ўдзелу», - заявіла Магерыні.

Турцыя вядзе перамовы аб уступленні ў ЕЗ з 2005 года, аднак палітычныя перашкоды - у прыватнасці, з нагоды падзеленай выспы Кіпр, а таксама пратэст некаторых краін ЕЗ супраць сяброўства Турцыі, замарудзілі прагрэс у цяжкіх стасунках.

Аднак цяпер афіцыйныя асобы ЕЗ спадзяюцца, што новы прэм'ер-міністр Турцыі і новая Еўракамісія ў Брусэлі азначаюць новы старт, які стане падмуркам для пастаянных перамоваў на вышэйшым узроўні для абмеркавання агульных стратэгічных інтарэсаў.

Візіт прадстаўнікоў ЕЗ будзе праз тыдзень пасля паездкі ў Турцыю прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, падчас якога Масква абвясціла аб згортванні праекта «Паўднёвы паток» і назвала Турцыю сваім пераважным партнёрам у альтэрнатыўным праекце нафтаправода.

Чыноўнікі ЕЗ падчас візіту ў Турцыю маюць намер пагаварыць пра больш блізкае супрацоўніцтва ў барацьбе супраць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» і іншых экстрэмісцкіх груп, у прыватнасці аб тым, як абрэзаць баявікам шлях фінансавання і спыніць паток замежных баевікоў. ЕЗ хоча, каб Турцыя дапамагла ў ідэнтыфікацыі замежных баевікоў і ў папярэджанні для бяспекі авіяцыі.

Прадстаўнікі ЕЗ сустрэнуцца з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам, прэм'ер-міністрам Ахметам Давутоглу і наведаюць лагер бежанцаў. Яны таксама абвесцяць аб павелічэнні аб'ёму дапамогі ЕЗ Турцыі для ўтрымання шматтысячнага патока бежанцаў з Сірыі і Ірака.

Апошнія навіны