BE RU EN

Парламент Фінляндыі прагаласаваў за АЭС ад «Расатама»

  • 6.12.2014, 12:30

Парламент Фінляндыі 115 галасамі супраць 74 ухваліў праект будаўніцтва ў краіне новай АЭС.

Яго маюць намер рэалізаваць фінская кампанія Fennovoima і расейскі «Расатам», паведамляе BBC.

У адпаведнасці з умовамі, выстаўленымі ўрадам у Хельсінкі, партнёры не маглі б атрымаць ліцэнзію на будаўніцтва станцыі, калі б фінская доля ў праекце выявілася ніжэйшай за 60%, адзначаецца на сайце «Расатама» са спасылкай на РІА Новости.

Кантракт быў падпісаны ў снежні 2013 года, пачатак будаўніцтва намечаны на 2015 год, завяршэнне - на 2024. Кошт праекта ацэньваецца ў 6-7 млрд еўра, з якіх фінская старана павінна ўкласці 1,6 млрд.

Перспектыва будаўніцтва АЭС «Пюхяокі» выклікае занепакоенасць эколагаў і грамадскасці ў суседняй Швецыі, адзначае партал Barents Observer.

18 верасня года фінская партыя «Зялёны саюз» заявіла аб сваім выхадзе з кіроўнай кааліцыі ў сувязі з адабрэннем гэтага праекта ўрадам Фінляндыі.

Фінскі пісьменнік-фантаст і актывіст экалагічнага руху Рыста Інсамякі накіраваў дэпутатам парламента ліст, у якім перасцерагаў іх ад галасавання на карысць «Расатама», прыводзячы прыклад АЭС у Куданкуламе ў Індыі. Аб гэтым піша ангельская версія сайта YLE.

Інсамякі нагадаў, што на станцыі ў Куданкуламе, пабудаванай расейскай кампаніяй, адбылося 14 аварыйных адключэнняў на працягу года з моманту завяршэння работ.

Будаўніцтва ў Фінляндыі АЭС «Алкілуота», якое вядзе франка-нямецкі кансорцыум Areva-Siemens, пачалося ў 2005 годзе, аднак увод гэтай станцыі ў эксплуатацыю ўвесь час адкладаецца.

Апошнія навіны