BE RU EN

Рудзенск стане часткай Менска?

  • 5.12.2014, 15:26

Рудзенск неабходна перадаць у падпарадкаванне Менска.

Пра гэта заявіў на нарадзе ў пытаннях унясення змяненняў у генеральны план развіцця Менска і будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, паведамляе БелТА.

«Перакананы, што пакуль у нас маецца розны ўзровень падпарадкаванасці гарадоў-спадарожнікаў, гэтыя тэрыторыі развівацца не будуць. Гэта значыць, пакуль Менску не перададзены Рудзенск з агламерацыяй, з усімі яго праблемамі і перавагамі, не будзе ніякага развіцця гэтага горада. Бо як і цэнтральны рэгіён, і сталіца заўсёды абараняюць свае інтарэсы», - сказаў Анатоль Калінін.

Ён падкрэсліў, што жыллёвае будаўніцтва ў Менску неабходна паступова згортваць. «Ушчыльніць забудову сталіцы і не пакінуць пляцовак для далейшага развіцця на 20-30 гадоў наперад - гэта няправільна. Наступная пяцігодка ў Менску, на маю думку, павінна быць прысвечаная развіццю інфраструктуры», - адзначыў намеснік прэм'ер-міністра.

Яго пазіцыю падтрымалі старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац і старшыня Менаблвыканкама Сямён Шапіра. Губернатар Менскай вобласці адзначыў, што гатовы перадаць у падпарадкаванне Менска Рудзенск з яго наваколлем. «Будзе правільна, калі зямля, якую мае намер развіваць Менск, пяройдзе пад юрысдыкцыю сталіцы», - падкрэсліў ён.

У сваю чаргу мэр Менска даручыў спецыялістам прапрацаваць дэталёвы план тэрыторыі, падкрэсліўшы, што Рудзенск павінен стаць магутным горадам абласнога падпарадкавання. «У горадзе-спадарожніку неабходна стварыць такія ўмовы, каб буйным прамыслоўцам было выгадна перайсці на гэтую пляцоўку», - адзначыў Андрэй Шорац.

Да гарадоў-спадарожнікаў беларускай сталіцы адносяцца Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Смалявічы, Фаніпаль. Першым з іх пачнуць асвойваць Рудзенск. Тут добрыя ўмовы для працы прамысловасці, паколькі ёсць ЦЭЦ, запасы вады, чыгунка. Насельніцтва ў горадзе прапануецца павялічыць з 11 тысяч да 111 тысяч, а жыллё - з 157 тысяч да 3,2 млн кв.м.

Да 2017 года аб'ём будаўніцтва жылля ў Менску плануецца скараціць амаль у два разы. Так, калі ў 2014 годзе ў сталіцы павінна быць пабудавана 1 млн кв.м жылля, то ў 2015-м паказчык складзе ўжо 900 тысяч кв.м, а ў 2016 і 2017 гадах паменшыцца адпаведна да 750 тысяч кв.м і 600 тысяч кв.м.

Апошнія навіны