BE RU EN

Калі чакаць чарговага падаражэння бензіну?

  • 4.12.2014, 11:48

Кошт на паліва ў Беларусі прывязалі да курсу даляра, а ён вырас на 2%.

У «Белнафтахіме» кажуць, што для перагляду коштаў чакаюць «істотных змен», паведамляе «Еўрарадыё».

За апошнія тры месяцы на сусветным рынку нафта страціла ў кошце прыкладна чвэрць. На Захадзе чакаюць зніжэння коштаў на паліва. Але Беларусь гэтыя змены, хутчэй за ўсё, не закрануць, так як у верасні «Белнафтахім» прывязаў кошт бензіну да амерыканскай валюты. Індыкатарнай маркай паліва вызначылі АІ-92-К5-Еўра, літр якога цяпер павінен каштаваць эквівалентна 1 даляру. Але курс амерыканскай валюты ў Беларусі мяняецца штодня. Калі чакаць чарговага перагляду коштаў на бензін і дызельнае паліва?

«Такія пытанні прымаюцца па меры неабходнасці, - адказвае прэс-сакратарка «Белнафтахіма» Марына Касцючэнка. - Калі ўмовы, пры якіх праца нафтаперапрацоўчых заводаў і АЗС істотна не мяняюцца, то і кошты застаюцца ранейшымі. Калі ёсць пэўныя нюансы, якія трэба падкарэктаваць, то і кошты мяняюцца Пакуль пытанне аб перыядычнасці змяненняў - на стадыі развязвання».

На пытанне, што такое «істотныя змены» і «пэўныя нюансы» Марына Адамаўна адказвае вобразна:

«Напрыклад, вы ідзяце ў краму, калі ў вас скончыўся хлеб. Бо ў вас ёсць такая патрэба арганізма – паесці. Вось, калі такая патрэба ўзнікае, калі істотныя змены адбываюцца, тады пераглядаюцца кошты».

З 1 лістапада 92-ы бензін бяруць 10 600 рублёў. Але на сённяшні дзень курс даляра да беларускага рубля - 10 820. Гэта значыць ён вырас крыху больш, чым на 2%. Улічваючы, што ўсе папярэднія павышэння коштаў на бензін былі прыкладна на 5%, то можна выказаць здагадку, што наступнага падаражання варта чакаць, калі даляр пяройдзе планку ў 11 100 рублёў. Але цалкам верагодна, што змены адбудуцца і ў пачатку новага квартала - 1 студзеня.

Апошнія навіны