BE RU EN

Беларус стварыў праграму-тэлепорт

  • 3.12.2014, 10:17

Мабільная праграма «Scope» дазваляе абменьвацца ўнікальнымі кароткімі відэа, запісанымі ў любым пункце свету.

Яе трэба ўсталяваць на тэлефон, пасля чаго на карце знайсці месцы, якія вас цікавяць. Пасля гэтага пасылаецца кароткі запыт асобам, якія цяпер там знаходзяцца. У іх таксама павінна быць ўстаноўленая праграма, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Яны здымаюць відэа і адпраўляюць яго вам. У выніку з аднаго боку маем заяўку на новую сацыяльную сетку, а з другога - мабільны тэлепорт. Аўтар ідэі - Яўген Ражко - жыве ў Горадні. Ушчыльную заняцца праектам ён задумаў, калі працаваў валанцёрам у групе «Еўрамайдан SOS» у Кіеве.

«Scope» мае некалькі прынцыповых момантаў. Кожны карыстальнік застаецца ананімным, і пасля прагляду відэа выдаляецца. Акрамя забаў, аўтары ідэі бачаць свой прадукт у будучыні як альтэрнатыву вялікім медыя. Праз «Scope» можна назіраць за падзеямі, што адбываюцца ўсюды, дзе ёсць тэлефонная сувязь. Цяпер тэстуецца праграма для карыстальнікаў IOS і распрацоўваецца для прылад на платформе Android.

Апошнія навіны