BE RU EN

Цягнік Менск-Сімферопаль будзе рухацца да Запарожжа

  • 27.12.2014, 15:59

Цягнік Менск-Сімферопаль, які наважылі скасаваць з 27 снежня, будзе рухацца з 29 снежня да станцыі Запарожжа.

Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Беларускай чыгункі паводле вынікаў праведзеных беларускім і ўкраінскім бакамі кансультацый, піша БелТА.

"У выніку перамоваў кіраўнікоў чыгуначных адміністрацый Беларусі і Украіны дасягнутая дамоўленасць аб пропуску раней скасаванага цягніка №100/99 паведамленнем Менск-Сімферопаль да станцыі Запарожжа", - адзначылі ў БЧ.

Спецыялісты растлумачылі, што з 29 снежня цягнік пойдзе па маршруце Менск-Запарожжа, адпраўляючыся з беларускай сталіцы па няцотных чыслах а 7.45, прыбываючы на канчатковую станцыю а 4.28 наступных сутак. Назад цягнік будзе адпраўляцца таксама па няцотных днях а 00.52 і прыбываць у Менск а 23.56.

"Пасажыры, якія раней набылі квіткі на цягнік №100/99, могуць рухацца па гэтых квітках да станцый, размешчаных паміж Менскам і Запарожжам", - паведамілі прадстаўнікі Беларускай чыгункі. Спецыялісты звярнулі ўвагу пасажыраў на неабходнасць удакладняць інфармацыю праз даведачныя службы, білетныя касы вакзалаў і на афіцыйным сайце БЧ.

Беларуская чыгунка 26 снежня атрымала тэлеграму ад чыгуначнай адміністрацыі "Укрзалiзниця", у адпаведнасці з якой сёння быў скасаваны цягнік №100/99 Менск-Сімферопаль. Ён рухаўся толькі да Гомеля з прадугледжанымі прыпынкамі па Беларусі.

Паводле звестак інфармагенцтваў, чыгуначнае паведамленне Крыму з Украінай, а таксама транзіт у Крым праз Украіну будуць цалкам спыненыя з 28 снежня.

Апошнія навіны