BE RU EN

Былога палітвязня Каваленку судзяць за сцяг

  • 27.12.2014, 14:19

27 снежня ў Віцебску судом разглядаецца адміністрацыйная справа ў дачыненні да былога палітвязня Сяргея Каваленкі.

Яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве і супраціве супрацоўнікам міліцыі, піша БелаПАН.

Падчас суда Каваленка папрасіў забяспечыць яго адвакатам, а таксама заявіў хадайніцтва аб тым, каб судовы працэс вялі на беларускай мове. У сувязі з гэтым быў абвешчаны перапынак.

Каваленка распавёў, што яго затрымалі 24 снежня нібыта за тое, што нехта бачыў, як ён «спраўляў патрэбу» на пустцы, і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.

25 снежня ў ІЧУ да яго прыйшоў следчы, які прапанаваў для падпісання пратакол паводле абвінавачвання ў дробным хуліганстве і аказанні супраціўлення супрацоўнікам міліцыі. Каваленка дадаў у пратакол запіс аб тым, што хуліганства не здзяйсняў і супраціву нікому не аказваў, пасля чаго падпісаў дакумент.

Затрыманне Каваленкі адбылося пасля таго, як 24 снежня невядомыя вывесілі на шматпавярховым доме ў цэнтры Віцебску вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

Сяргей Каваленка неаднаразова затрымліваўся міліцыяй. Тры гады таму яго судзілі за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебска. У месцах пазбаўлення волі ён абвясціў галадоўку, якая доўжылася каля двух месяцаў.

Апошнія навіны