BE RU EN

Адвод цяжкай артылерыі ў Данбасе пачнецца пасля 26 снежня

  • 25.12.2014, 19:48

26 снежня ў Данбасе пачнецца адвод цяжкай тэхнікі для стварэння 30-кіламетровай зоны бяспекі.

Пра гэта заявіў прадстаўнік генеральнага штаба Украіны генерал-маёр Аляксандр Размазнін, інфармуюць "Украинские новости".

"Мы працуем над безумоўным укараненнем у жыццё менскага мемарандума. Першы этап - гэта захаванне рэжыму цішыні. Пасля 26 снежня будзе пераход да наступнага этапу - адводу артылерыйскіх сістэм калібрам 100 мм і вышэй на ўстаноўленыя адлегласці. Такім чынам, будзе створаная 30-кіламетровая зона бяспекі", - сказаў Размазнін.

Адвод цяжкага ўзбраення будуць кантраляваць прадстаўнікі місіі Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ).

Паводле слоў Размазніна, украінскія і расейскія вайскоўцы, прадстаўнікі Сумеснага цэнтра захавання рэжыму спынення агню ў Данбасе, разам з місіяй АБСЕ і групамі, якія размешчаныя на тэрыторыі зон і сектараў АТА, будуць аказваць дапамогу ў патруляванні і складанні пратаколаў парушэнняў у зоне АТА.

Прадстаўнік Генштаба адзначыў, што гэта неабходна для магчымага прыцягнення да адказнасці каго-небудзь з бакоў канфлікту ў выпадку парушэння "менскага мемарандума".

Фота з архіву

Апошнія навіны