BE RU EN

«Газпром» атрымаў ад Украіны другі транш газавага доўгу

  • 24.12.2014, 20:40

«Газпром» пацвердзіў атрыманне $1,65 млрд ад украінскай кампаніі «Нафтогаз».

Пра гэта РБК распавёў афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў. Гэтая сума стала другім траншам аплаты газавага доўгу Кіева за пастаўкі ў лістападзе-снежні 2013 года і красавіку-чэрвені 2014 года.

Мінулай ноччу прэс-служба «Нафтогаза» паведаміла, што пералічыла «Газпрому» $1,65 млрд у лік аплаты пастаўленых і неаплачаных раней аб'ёмаў газу.

«Аднак пытанне паставак газу ва Украіну ў студзені яшчэ адкрытае - перадаплату мы пакуль не атрымалі», - прыводзяцца ў паведамленні «Газпрома» словы Купрыянава.

Першы транш у $1,45 млрд расейскі бок атрымаў у пачатку лістапада.

Часовыя дамоўленасці ва ўрэгуляванні газавай спрэчкі паміж Масквой і Кіевам былі дасягнутыя ў канцы кастрычніка ў Бруселі пры пасярэдніцтве Еўразвяза. Паводле гэтых пагадненняў першы транш украінскі бок павінны быў перавесці адразу пасля перамоў, а яшчэ $1,65 млрд Кіеў - да канца 2014 года. Тыя, што засталіся $1,4 млрд будуць выплачаныя пазней. Да канца года цана на газ складзе $378 за тысячу кубаметраў, а зімой і ў пачатку вясны 2015 - $365.

Паводле пагаднення да пачатку наступнага года Расея паставіць ва Украіну 4 млрд куб. м газу. Агулам гэтыя пагадненні будуць дзейнічаць да сакавіка 2015 года.

6 снежня «Нафтогаз Украины» пералічыў «Газпрому» $378 млн у якасці перадаплаты за пастаўкі 1 млрд куб. м. А ўжо 9 снежня стала вядома, што газавы аператар «Укртрансгаз» аднавіў імпарт паліва з Расеі.

Пазней кіраўнік «Нафтогаза Украины» Андрэй Кобалеў дапусціў, што Кіеў можа набыць да канца зімовага сезону да 5 млрд куб. м расейскага газу. На думку кіраўніка кампаніі, гэта дазволіць закрыць дэфіцыт паліва.

Апошнія навіны