«Эхо Москвы» апублікавала «Кодэкс этыкі»
- 23.12.2014, 19:46
Гэты дакумент, як і палажэнні Маскоўскай Хартыі Журналістаў, распаўсюджваюцца на інтэрнэт, уключаючы сацыяльныя сеткі.
Радыёстанцыя «Эхо Москвы» распрацавала праект дапаўненняў да статуту станцыі, які рэгулюе паводзіны супрацоўнікаў у сацсетках, піша Lenta.ru. Дакумент апублікаваны на сайце «Эха Москвы».
Згодна з праектам, журналіст павінны разумець, што ягоныя выказванні ў сацсетках могуць быць вытлумачаныя як меркаванне рэдакцыі. Асобна супрацоўнікам нагадваюць, што рэтвіт, лайк і рэпост могуць быць успрынятыя як іх асабістая пазіцыя.
Рэкамендуецца публічна не крытыкаваць рэдакцыйную палітыку, калегаў, акцыянераў і гасцей рэдакцыі. Выключэнне робіцца для абмеркавання іх публічнай пазіцыі. Таксама адзначаецца, што супрацоўнікі радыёстанцыі павінныя «ўстрымлівацца ад агітацыі і палітычнага актывізму на карысць любой палітычнай партыі ці палітыка ў перыяд перадвыбарчай кампаніі».
Работнікам радыёстанцыі раяць сачыць за бяспекай сваіх акаўнтаў і публічна заяўляць пра іх ўзлом або з'яўленні фэйкавых старонак.
У той жа час у дакуменце ўдакладняецца, што рэдакцыя вітае прысутнасць сваіх журналістаў у сацсетках. У выпадку ўзнікнення спрэчных сітуацый іх будзе разбіраць камісія з трох чалавек, старшыня якой прызначаецца галоўным рэдактарам з ліку супрацоўнікаў «Эхо Москвы».
Распрацоўка дапаўненняў да статуту радыёстанцыі стала адной з умоў урэгулявання скандалу, які разгарэўся на радыёстанцыі ў лістападзе.
Пасля з'яўлення ў асабістым Twitter вядучага «Эхо» Аляксандра Плюшчава рэзкага паведамлення пра загінулага сына кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Сяргея Іванова звальнення журналіста запатрабаваў галоўны акцыянер радыёстанцыі кампанія «Газпром-медыя». Пазней Плюшчаў выдаліў твіт і прынёс публічныя прабачэнні. Пасля сустрэчы Венядзіктава са старшынёй праўлення холдынгу Міхаілам Лесіным 19 лістапада загад аб звальненні быў скасаваны.