BE RU EN

Базавую велічыню плануюць павялічыць на 20%

  • 23.12.2014, 18:15

З 1 студзеня 2015 базавую велічыню ў Беларусі плануецца павялічыць на 30 тысяч - да 180 тысяч рублёў.

Гэтую інфармацыю 23 снежня tut.by пацвердзіла прэс-служба Міністэрства фінансаў.

Павелічэнне базавай велічыні да 180 тысяч рублёў закладзенае ў праекце рэспубліканскага бюджэту на 2015 год, які дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» прынялі 17 снежня.

- Праект бюджэту на 2015 год сфармаваны з улікам павелічэння базавай велічыні са 150 да 180 тысяч рублёў (на 20%). Такое павышэнне дазволіць прывесці сацыяльныя выплаты з бюджэту, якія залежаць ад базавай велічыні, у адпаведнасць з рэальным узроўнем коштаў, - адзначылі ў прэс-службе Мінфіна.

Базавая велічыня - гэта эканамічны паказчык, які вызначае абстрактную каштоўнасць пакупніцкай здольнасці грошай, не звязаную з ацэнкай канкрэтных матэрыяльных або нематэрыяльных дабротаў.

У папярэдні раз базавая велічыня ў Беларусі павышалася з 1 красавік 2014 года прыкладна на 15% - з 130 да 150 тысяч рублёў.

З ростам базавай павялічваюцца не толькі выплаты, але і штрафы. Напрыклад, перавышэнне хуткасці пры базавай велічыні 180 тысяч будзе каштаваць да 2,7 мільёна. Спагнанне за безбілетны праезд у грамадскім транспарце будзе каштаваць 90 тысяч рублёў. За нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы і зусім можна раскашэліцца на 5,4 мільёна.

Апошнія навіны