Украіна і NATO распрацоўваюць праграму інтэграцыі
- 23.12.2014, 16:34
Украіна і саюзнікі па NATO распрацоўваюць гадавую праграму дасягнення неабходных стандартаў для працягу еўраатлантычнай інтэграцыі.
Пра гэта міністр замежных спраў краіны Павел Клімкін сказаў падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з першым віцэ-прэм'ер-міністрам, міністрам замежных спраў Сербіі Івіцам Дачычам, паведамляе УНІАН.
Міністр нагадаў, што сёння Украіна пазбавілася ад устаноўленага раней пазаблокавай статусу.
"Цяпер мы маем усе механізмы і формы гарантавання нашай нацыянальнай бяспекі... Для таго каб прайсці шлях у кіоунку еўраатлантычнай інтэграцыі, нам трэба правесці рэформы. Значная частка, і, я б сказаў, большасць з якіх таксама адпавядаюць таму, што мы павінны зрабіць у імплементацыі Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕЗ", - сказаў Павел Клімкін.
"Мы сёння працуем з саюзнікамі і сакратарыятам NATO ў адпрацоўцы новай гадавой нацыянальнай праграмы, дзе будуць цалкам усёабдымна прадстаўленыя гэтыя рэформы", - падкрэсліў Клімкін.
Міністр дадаў, што будуць узгодненыя логіка і часовыя тэрміны для ўкаранення гэтага плана, і Украіна паслядоўна будзе яго ўкараняць.
"І дасягненне ўсіх - я падкрэсліваю - усіх стандартаў, неабходных для рэформы не толькі бяспекі і абароннага сектара, які мае безумоўны прыярытэт, а ўсіх стандартаў, якіх павінна дасягнуць дэмакратычная краіна для дасягнення еўраатлантычнай інтэграцыі, будзе нашым ключавым прыярытэтам", - сказаў Клімкін.
Нагадаем, сёння, 23 снежня, Вярхоўная Рада прыняла закон аб адмове ад пазаблокавага статусу Украіны.