На наваполацкім «Паліміры» адбылася аварыя
- 23.12.2014, 14:41
Гарэла печ, некалькім рабочым стала дрэнна.
Пра гэта паведаміў charter97.org чытач з Наваполацка.
«У панядзелак удзень у Наваполацку на заводзе «Палімір» ААТ «Нафтан» адбылася аварыя. У цэху №204 гарэла печ: адбылася аварыя праз састарэлае абсталяванне. Гэты цэх працуе з сінільнай кіслатой, а гэта яд. Я сам працую на гэтым заводзе, але кіраўніцтва нічога не кажа. Дзяцей у горадзе трымалі ў школах, стараліся не пускаць на вуліцу, а ніхто нічога не ведае! Ніякіх сірэн табе, нічога, што б папярэджвала аб небяспецы. Кажуць, некаторым людзям дрэнна стала», - піша ён.
Журналіст charter97.org паспрабаваў высветліць падрабязнасці здарэння ў іншых супрацоўнікаў заводу. Так, супрацоўнік заводу пацвердзіў факт аварыі.
«Так, гарэла печ у 201 цэху, нічога сур'ёзнага, некаторым стала дрэнна, але ахвяраў няма», - паведаміў ён.
Таксама charter97.org удалося звязацца са службай аховы працы заводу «Палімір».
«Ніякай небяспечнай уцечкі газу не было. Было проста ўзгаранне, якое было аператыўна ліквідаванае», - паведамілі на заводзе.