BE RU EN

Сечына, Якуніна і Мілера абавязалі раскрыць звесткі аб даходах

  • 22.12.2014, 21:19

Топ-мэнэджараў шэрагу буйных расейскіх кампаній з дзяржудзелам абавязалі раскрываць звесткі аб даходах.

Гаворка ідзе ў тым ліку пра Ігара Сечына, Уладзіміра Якуніна і Аляксея Мілера. Гэта вынікае з распараджэння ўрада Расеі, апублікаванага на сайце Кабміна, піша Lenta.ru.

Акрамя таго, кіраўнікі карпарацый павінныя падаваць «звесткі аб даходах, аб маёмасці і абавязацельствах маёмаснага характару сваіх жонкі (мужа) і непаўналетніх дзяцей».

Публікавацца гэтыя звесткі павінныя будуць на афіцыйных сайтах кампаній.

Як піша газета «Ведомости», цяпер гэтыя звесткі павінныя будуць публікаваць, у прыватнасці, прэзідэнт РЖД Уладзімір Якунін і кіраўнік « Роснефти» Ігар Сечын. Усяго ў пералік уваходзіць 63 кампаніі.

Як адзначае РБК, пастанова ўрада выйшла 18 снежня. У гэты дзень прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас вялікай прэс-канферэнцыі заявіў, што не ведае, колькі атрымлівае Сечын. «Але ведаю, што супрацоўнікі буйных нашых кампаній атрымліваюць вельмі прыстойныя грошы», - сказаў, у прыватнасці, Пуцін.

Раней Якунін і Сечын адмаўляліся публікаваць звесткі аб даходах. Кіраўнік РЖД тлумачыў гэта клопатам пра бяспеку сям'і. Кіраўнік «Роснефти» заявіў, што ўказ прэзідэнта, у якім утрымліваецца патрабаванне падаваць звесткі аб даходах, на яго не распаўсюджваецца.

Урад абавязвае топ-менеджэраў кампаній даваць справаздачу аб даходах, спасылаючыся на ўказ прэзідэнта Расеі «Пытанні процідзеяння карупцыі», які з'явіўся ў ліпені 2013 года.

Апошнія навіны