BE RU EN

«Раснафта» не атрымала дазвол на куплю Morgan Stanley

  • 22.12.2014, 19:54

Камітэт замежных інвестыцый ЗША адмовіўся ўзгадніць угоду.

Праз год пасля заключэння ўгоды аб куплі «Раснафтай» нафтатрэдынгавага бізнесу Morgan Stanley расейская кампанія абвясціла аб зрыве дамовы. У кампаніі растлумачылі, што Камітэт замежных інвестыцый ЗША адмовіўся ўзгадніць угоду. У «Раснафце» сцвярджаюць, што не панеслі ад гэтага ніякіх страт. Паводле папярэдніх дамоўленасцей, бакі павінныя былі закрыць угоду да канца бягучага года. Аб небяспецы зрыву дамоўленасцей амерыканскі інвестыцыйны банк папярэджваў яшчэ ў пачатку кастрычніка.

«Раснафта» абвясціла аб спыненні дамовы аб куплі глабальнага нафтатрэдынгавага бізнесу Morgan Stanley. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні кампаніі, піша РБК.

Сам дакумент быў падпісаны ў снежні 2013 года. Прычыну такога рашэння ў расейскай кампаніі патлумачылі адмовай «у рэгулятыўных узгадненнях».

«Бакі выдаткавалі на падрыхтоўку ўгоды істотныя намаганні і шкадуюць аб немагчымасці яе закрыць. Нягледзячы на гэта, «Раснафта» і Morgan Stanley прадаўжаюць супрацоўнічаць у іншых галінах», - гаворыцца ў паведамленні.

Як растлумачыў віцэ-прэзідэнт «Раснафты» ў сувязях з грамадскасцю Міхаіл Лявонцьеў, угода з Morgan Stanley не складзеная праз адмову Камітэта замежных інвестыцый ЗША яе ўзгадніць. «Адмова ў выдачы рэгламентуючых пагадненняў мы атрымалі не толькі ад амерыканскіх, але і ад канадскіх рэгулятараў. Гэта іх права: аспрэчваць незаключаную ўгоду мы не будзем. Кампанія асцерагаецца ўласных рэгулятараў», - заявіў Лявонцьеў.

Паводле ягоных слоў, страт у гэтай сітуацыі «Раснафта» не панесла. «І не факт, што ў бягучых умовах гэтая ўгода была б гэтак жа цікавая, як і раней», - лічыць Лявонцьеў.

«Раснафта» і Morgan Stanley рыхтавалі гэтую ўгоду са снежня мінулага года - тады бакі заключылі абавязваючую дамову. Згодна з дакументам, паводле вынікаў угоды расейскай кампаніі дастанецца міжнародная сетка нафтасховішчаў, запасы нафты і нафтапрадуктаў, простыя кантракты са спажыўцамі і кантракты на ўмовах перадаплаты, лагістычныя кантракты, а таксама акцыі і дзелі ў профільных даччыных кампаніях ў галіне інфраструктуры, міжнароднага маркетынгу і даследаванняў, паведамляла кампанія. Разам з тым на працу ў «Раснафту» павінныя былі перайсці больш за 100 нафтатрэйдэраў з офісаў Morgan Stanley ў Вялікабрытаніі, ЗША і Сінгапуры, а таксама амаль 180 мэнеджараў з дапаможных падраздзяленняў.

Сума ўгоды не раскрывалася.

Нягледзячы на першую хвалю санкцый, якія кранулі прэзідэнта «Раснафты» Ігара Сечына, Федэральная гандлёвая камісія ЗША ў чэрвені 2014 ухваліла ўгоду. На той момант расейскай кампаніі засталося атрымаць адабрэнне яшчэ аднаго амерыканскага рэгулятара - Камітэта замежных інвестыцый. Неабходныя для гэтага дакументы «Раснафта» пачала рыхтаваць яшчэ ў траўні, паведамляў тэлеканал CNBC.

Нестабільнасць у міжнародных адносінах тады не павінная была адбіцца на ўгодзе - у чэрвені генеральны дырэктар Morgan Stanley Джэймс Горман заяўляў, што банк плануе завяршыць продаж актыву ў трэцім квартале гэтага года.

Але сур'ёзнай перашкодай для падпісання кантракту стала новая хваля санкцый у ліпені (апублікаванне адбылося ў жніўні). Тады ўлады ЗША абмежавалі магчымасці доўгатэрміновага фінансавання некалькім расейскім кампаніям, у пералік якіх трапіла і «Раснафта».

Пра тое, што ўгода можа не адбыцца, упершыню заявіў амерыканскі бок ужо пасля вераснёўскіх санкцый. «У цяперашніх умовах няма і не можа быць ніякіх гарантый таго, што ўгода будзе закрытая, асабліва ўлічваючы прапісанае ў дамове патрабаванне аб тым, што ўсе неабходныя дазволы павінныя быць атрыманыя да канца года», - гаварылася ў заяве Morgan Stanley ад 11 кастрычніка. Крыніцы The Financial Times тады заяўлялі, што ўгода фактычна не мае перспектыў.

Апошнія навіны