BE RU EN

Лукашэнка зацвердзіў планы на 2015 год

  • 2.12.2014, 11:18

Дыктатар без абмеркаванняў зацвердзіў прагноз развіцця Беларусі на наступны год.

Лукашэнка без лішніх дыскусій і абмеркаванняў, не праводзячы дадатковых нарад і пасяджэнняў, сваімі ўказамі зацвердзіў апошнія «песімістычныя» версіі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і «Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год».

Адпаведныя ўказы Лукашэнка падпісаў 1 снежня, піша АФН.

Песімістычная версія прагнозу ўлічвае паніжэнне прагназаванага сярэднегадовага кошту нафты ў 2015 годзе са $100 да $83 за барэль і курсу расейскага рубля з 39 да 43 рублёў за даляр.

Цяпер нафта каштуе па 72 даляры за барэль, а расейскі рубель з цяжкасцю ўтрымліваецца на ўзроўні 50-51 рублёў за даляр.

Такім чынам, згодна з горшым прадстаўленнем уладаў аб нашай хуткай будучыні, якая ўжо настала ўчора, эканоміка Беларусі прадоўжыць свой рост, але ён (рост) будзе насіць дэкларатыўны характар - ВУП вырасце на 0,2-0,7%, што будзе дасягнутае за кошт росту дабаўленай вартасці ў прамысловасці (0,4-0,8%), сельскай і лясной гаспадарцы (1,2-1,4%), сферы паслуг (1,6-2%).

Згодна з прагнозам, прадукцыйнасць працы за кошт мадэрнізацыі вырасце на 1,5-2%.

Праз падзенне коштаў нафты ўлады прагназуюць ў 2015 годзе зніжэнне экспарту на 3,6-4,0% ад узроўню 2014 года. Без уліку нафты і нафтапрадуктаў экспарт вырасце на 0,3%.

Адмоўнае сальда замежнага гандлю не перавысіць узровень 3,3-3,5% ад аб'ёму ВУП.

Энэргаёмістасць валавога ўнутранага прадукту ў параўнанні з 2014 годам павінна знізіцца не менш як на 0,5%. Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці складзе 7-7,5%. Пабудова жылля з дзяржаўнай падтрымкай чакаецца ў аб'ёме не менш як 2,5 млн кв.м.

Невыканальнай задачай уяўляецца зніжэнне інфляцыі да 12%.

Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў 2015 годзе вырастуць на 1,1-1,5% да ўзроўню гэтага года.

Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год сярэднегадавая стаўка рэфінансавання запланавана на ўзроўні 15-16% гадавых. Прагназуецца, міжнародныя рэзервовыя актывы (ЗВР у вызначэнні МВФ) захаваюцца на ўзроўні 1 студзені 2015.

Фота: Коммерсант

Апошнія навіны