Куба вызваліла грамадзяніна ЗША Алана Гроса
- 17.12.2014, 18:07
Супрацоўнік USAID правёў у кубінскай турме пяць гадоў.
Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША паведаміў, што ўлады Кубы вызвалілі амерыканскага грамадзяніна Алана Гроса, якога пяць гадоў трымалі ў кубінскай турме.
Паводле слоў крыніцы, Грос быў вызвалены з гуманітарных меркаванняў, паведамляе «Голос Америки».
Грос, які працаваў на Агенцтва міжнароднага развіцця ЗША (USAID), быў затрыманы 3 снежня 2009 за незаконны ўвоз у краіну апаратуры спадарожнікавай сувязі.
Ягоная жонка ў нядаўнім інтэрв'ю распавяла, што Грос у апошні час усё больш паддаваўся адчаю.
Кубінскія ўлады прысудзілі Гроса да 15 гадоў турэмнага зняволення.
Паводле паведамлення агенцтва «Рейтэрс», пасля вызвалення Гроса могуць адбыцца сур'ёзныя змены ў адносінах ЗША і Кубы. У бліжэйшыя гадзіны прэзідэнт Барак Абама выступіць са спецыяльнай заявай з гэтай нагоды.