BE RU EN

Польшча ратыфікавала пагадненне аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ

  • 17.12.2014, 16:58

Браніслаў Камароўскі ў прысутнасці Пятра Парашэнкі падпісаў закон аб ратыфікацыі пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрапейскім Звязам.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта Украіны.

"Сёння гістарычны момант - падпісаная грамата аб ратыфікацыі пагаднення паміж Украінай і ЕЗ. Гэта новая гістарычная рэальнасць, працэс збліжэння Украіны з ЕЗ", - заявіў Пётр Парашэнка.

Браніслаў Камароўскі сказаў, што Польшча і ў далейшым будзе дзяліцца сваім еўраінтэграцыйным досведам і шукаць новыя шляхі для яго перадачы ўкраінскім калегам. "Украіна мае права, а мы - абавязак дапамагчы Украіне, у яе абароне і еўраінтэграцыі", - падкрэсліў прэзідэнт Польшчы.

Гаворачы аб рэалізацыі рэформаў ва Украіне, Камароўскі падкрэсліў: "Мы ведаем, што нам дапамаглі рэформы. Мы ведаем, што рэформы дапамогуць і Украіне".

Таксама Пётр Парашэнка запрасіў Браніслава Камароўскага наведаць Украіну з дзяржаўным візітам у першым паўгоддзі наступнага года.

Апошнія навіны