BE RU EN

Не згодны з паніжэннем зарплаты? Звольняць праз тыдзень!

  • 16.12.2014, 18:21

Дэкрэт «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый» уступіць у сілу ўжо з 1 студзеня.

Тычыцца дакумент як дзяржаўных, так і прыватных фірмаў. Паводле новых правіл, вялікія начальнікі з гэтага часу будуць асабіста адказныя за тое, каб усе будынкі, памяшканні і абсталяванне былі бяспечнымі для работнікаў, а на працоўных месцах выконваліся ўмовы працы. За парушэнні кіраўнік можа пазбавіцца свайго месца. З'явіўся і спіс так званых дыскрэдытуючых абставін, праз якія начальнік можа адразу звольніць радавых супрацоўнікаў. Цяпер, калі чалавека звальняюць праз адну з гэтых дыскрэдытуючых абставін (да прыкладу, за прагул або разгалашэнне камерцыйнай таямніцы), то цягам бліжэйшых пяці гадоў ён зможа ўладкавацца на кіруючую пасаду, у тым ліку ў камерцыйную кампанію, толькі з дазволу выканкама або гарадской адміністрацыі. Прычым пад кіруючай пасадай у гэтым выпадку разумеецца нават пасада спецыяліста, у якога ёсць арганізацыйна-распарадчыя функцыі: напрыклад, тыя ж інжынеры або маркетолагі.

Акрамя таго, наймальнік зможа звольніць супрацоўніка, які праз парушэнні працоўнай, выканальніцкай або вытворча-тэхнічнай дысцыпліны прынёс кампаніі страту больш за тры сярэднямесячныя заробкі па краіне (зараз гэтая «крытычная сума» складае крыху больш за 19 мільёнаў), піша «Камсамольская праўда ў Беларусі».

- Раней звольніць работніка з прычыны прынесеных страт можна было толькі на падставе рашэння суда або рашэння аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, якое ўступіла ў сілу, прынятага іншым упаўнаважаным дзяржаўным органам або службовай асобай. Прычым памер страты ўстаноўлены не быў, - тлумачыць юрыст Кацярына Падзерка. - З такой падставы можна звольніць не толькі радавога работніка, але і кіраўніка, ягоных намеснікаў, галоўнага бухгалтара і ягоных намеснікаў.

Калі ж працадаўца вырашыць не звальняць супрацоўніка, які прынёс кампаніі страты, то ён у якасці кампенсацыі зможа ўтрымаць з ягонай зарплаты ўсё тыя ж тры сярэднемесячныя заробкі - 19 мільёнаў. Зараз утрымаць з заробку можна не больш за адну сярэднямесячную зарплату - 6,4 мільёна рублёў, калі з работнікам не быў заключаны дагавор аб поўнай матэрыяльнай адказнасці.

А яшчэ наймальнікі змогуць па-новаму караць работнікаў, якія праштрафіліся. Цяпер пазбаўляць прэміі могуць адразу на 12 месяцаў. Раней прэміі маглі пазбавіць толькі ў даважку да вымовы або заўвагі, а тэрмін працадаўца мог устанавіць сам. Але ў дадатак да гэтага бізуна ёсць і пернік: тым, хто працуе добра, працадаўца зможа даваць прэміі за кошт прыбытку кампаніі ў неабмежаваным памеры.

А ў гэты час

«Раней быў месяц на пошукі працы, а цяпер - 7 дзён»

У дэкрэце прапісана, што працадаўца можа змяняць істотныя ўмовы працы, калі гэта абгрунтавана эканамічнымі або арганізацыйнымі прычынамі. Да іх адносяцца, напрыклад, памер заробку ці рэжым працы. Адзінае патрабаванне - папярэдзіць работнікаў пісьмова як мінімум за сем каляндарных дзён. Зараз тэрмін паведамлення большы - месяц.

- Да прыкладу, наймальнік хоча паменшыць вам зарплату. Для гэтага ён паведамляе вам у пісьмовым выглядзе аб змене істотных умоў працы. Калі вы згодны на такія змены, то бакі падпісваюць дадатковае пагадненне да кантракту. А калі не, то вы звальняецеся, - тлумачыць Кацярына Падзерка. - Атрымліваецца, калі раней у вас быў бы месяц на пошукі новай працы, то зараз вы апынецеся «на вуліцы» ўжо праз тыдзень пасля паведамлення аб змене істотных умоў працы.

Апошнія навіны