BE RU EN

Актывіст расейскай апазіцыі абскардзіў прысуд

  • 12.12.2014, 20:51

Абарона апазіцыянера Сяргея Махнаткіна, які атрымаў 4,5 гады калоніі за збіццё двух паліцэйскіх, абскардзіла прысуд.

Махнаткін абвінавачваўся ў двух эпізодах ужывання насілля ў дачыненні да паліцэйскіх, паведамляе BBC са спасылкай на прэс-службу Цвярскога суду Масквы.

Сяргей Махнаткін быў затрыманы 31 снежня 2013 года падчас акцыі прыхільнікаў лідара «Другой Расеі» Эдуарда Лімонава ў абарону 31-га артыкулу канстытуцыі Расеі, якая гарантуе свабоду сходаў.

Паводле версіі следства, Махнаткін аказаў супраціў супрацоўнікам паліцыі і нанёс цялесныя пашкоджанні палкоўніка і супрацоўніцы другога аператыўнага палка маскоўскага глаўка МУС.

Нагадаем, Махнаткін ужо быў асуджаны за супраціў супрацоўніку міліцыі ў ліпені 2010 года. Ён быў затрыманы на акцыі 31 снежня 2009 г. і прысуджаны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі.

У красавіку 2012 года Дзмітрый Мядзведзеў, які быў тады прэзідэнтам Расеі, памілаваў Махнаткіна прыкладна за паўгода да заканчэння тэрміну зняволення.

Фота: ТАСС

Апошнія навіны